А ў вачах – дабрыня і мудрасць
Не трэба сядзець на месцы, трэба рухацца і працаваць, раіць маладым Галіна Вікенцьеўна НЯЧАЙ з вёскі Абалонне, якая на днях адзначыла 90-гадовы юбілей.
Роўная шаша праз рэчку Сечна прыводзіць нас да Абалоння. Зараз вёска невялікая, усяго некалькі хат налічвае. Самай сталай жыхаркай тут з’яўляецца Галіна Нячай.
Родам з вёскі Лабейкі, Галіна выйшла замуж у Абалонне. Тут і засталася назаўсёды. Нарадзіла і выхавала разам з мужам Браніславам (пайшоў з жыцця 11 год таму) пяцёра дзяцей. Усё хацелася дачушку, а бог даў сыноў. Цяпер мае васьмёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў. Бацька ў свой час дапамог пабудаваць уласную хату.
Працавала ў калгасе «Ленінскі прызыў» у паляводстве – сена сушылі, вывозілі яго з поля да фермаў, складвалі ў стагі, лён бралі ўручную. Часта падмяняла даярак на ферме. Работа была цяжкая, бо даілі кароў уручную. Галіна Вікенцьеўна з асаблівай павагай згадвае старшыню калгаса Ягора Сцяпанавіча Ганчарова – талковага гаспадарніка. Калі яго забралі на павышэнне ў райцэнтр, мясцовыя жанчыны нават плакалі.
«Я раней спрытная была, – хваліцца Галіна Нячай. – Усюды паспявала: і печку раненька прапаліць, і карову падаіць, і сняданак сваім шасцярым мужыкам прыгатаваць. Не ведала, як гэта можна захварэць і не мець сіл працаваць. Рупілася з ранняга да позняга. Работа фізічная на вёсцы была не з лёгкіх. Можа, таму і загартавалася з маладосці. Таму ўсім раю рухацца, працаваць фізічна, але не праз сілу, а колькі можаце».
За плячыма Галіны Нячай – цэлая эпоха, поўная радасці і смутку. Жанчына вельмі ганарыцца сынамі, якія “ўсе выйшлі ў людзі”. Цяжкім выпрабаваннем для маці стала смерць сына Пятра. Неацэннай была падтрымка сыноў Анатоля, Мікалая, Віктара і Паўла.
«Наша маці добрая і адначасова строгая, яна любіць ва ўсім парадак, – кажа Анатоль Нячай. – Выхоўвала нас так, каб мы былі дружнымі. З маленства вучыла працаваць. Нарадзіць і выхаваць пяцёра сыноў – вялікі подзвіг для жанчыны. І «Медаль Мацярынства», які мама мае, яна спаўна заслужыла».
Сыны Галіны Вікенцьеўны падчас яе юбілею прывезлі маці ў Шуміліна. Тут сабраліся таксама ўнукі і праўнукі, сваякі. Адсвяткавалі дзень нараджэння маці, бабулі і прабабулі ў цёплым сямейным крузе, усе жадалі юбілярцы добрага здароўя.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

