На темы морали. Когда деньги выше родственных чувств

Общество

Сказ пра сляпую любоў і сквапнасць
“Ад Людмілы ўсе чэрці!..”
За нататкі ўзяўся не адразу. Выспявала ўсё, што пачуў напрыканцы красавіка, адкладвалася яно ў мозгу і сэрцы. Перш за ўсё, напэўна, у сэрцы, бо менавіта яно ўсё пыталася: ну, хіба так можа быць у жыцці, няўжо праўда, каб родныя брат і сястра дайшлі да самага краю? І з-за чаго –  з-за   хаты, з-за спадчыны, з-за тых даляраў, якія ўсё адно закончацца, але ж  застанецца, як гэта ні прыкра, варожасць, застанецца боль, які нічым не суняць? Ці не самую вялікую ахвяру выбралі родныя па крыві людзі?..
Уявім такую жыццёвую сітуацыю: у даволі прыстойных і паважаных у раёне людзей двое дзяцей. Старэйшы, Уладзімір,   застаўся на радзіме.   Малодшая, Людміла, закончыла тэхналагічны ў Віцебску, сарвалася ў Прыбалтыку, там і асела. На пажыццёва. Наязджала на радзіму раз у год, а пасля смерці маці прыехала сюды і асталявалася. Сама афармляе тэхпашпарт на дом, на пабудовы і мае на руках завяшчанне. Маці, Аляўціна Макараўна, двойчы мяняла яго, усё вагалася: да каго схіліцца – да сына, да дачкі, да ўнукаў?..
“Намудравала Макараўна… – сумна зазначае адна з суседак Аляўціны Макараўны. – Менавіта яна ўнесла кроўны разлад. Навошта было? Па мне, дык усе дзеці павінны быць у маці аднолькава любімымі і дарагімі. І для такой матулі справядлівасць – не пусты гук…”
Аляўціна Макараўна ўсё вагалася, і, як сцвярджаюць суседкі, часцей тады, калі на парозе з’яўлялася дачка. “Ад яе ўсе чэрці, ад Людмілы”, – перакананы чамусьці суседзі. А можа, і без гэтага няпэўнага “чамусьці”: усё ж  суседкі, якія жывуць тут даўно, ведалі Людмілу яшчэ саплівым дзяўчом. Уладзіміра ведаюць больш, ведаюць добрым і шчырым чалавекам. У канфлікце яны прымаюць ягоны бок.  Чалавек, не паспеўшы нацешыцца “пенсіёнам”, хворы на рак, невядома, колькі адмерана яму яшчэ на гэтай грэшнай зямлі.
Тры месяцы ляжаў ён у анкалогіі ў Віцебску, а сястра хоць бы раз прыехала, хоць бы праведала, хоць бы падтрымала яго ў гнятлівую хвіліну. “Так не па-людску, не па-сваяцку, – разважаюць суседзі. – Усе мы памром, грошы закончацца, а памяць застанецца. Якая яна будзе – удзячная, добрая ці атрутна-палыновая?..”
Здавалася б, і не надта “намудравала” Аляўціна Макараўна: у апошнім варыянце завяшчання чвэрць спадчыны застаецца за Уладзімірам, другая чвэртка – за ягоным сынам, астатняя палова дасталася сям’і Людмілы. Але такая простая “арыфметыка” абурае Уладзіміра. Не магла не ведаць маці, што пасля смерці гаспадара, усе дзесяць гадоў, не Людміла, а ён, старэйшы яе сын, правіў усё на сядзібе, вазіў будаўнічыя матэрыялы (ламінат, вагонку, шыфер, сайдынг), наймаў брыгады, мяняў сантэхніку, менавіта за яго грошы мяняліся вокны, дзверы, будаваўся гараж. А гэта, па словах Уладзіміра, каля 6 тысяч долараў. Дык чаму ж  “забылася” на ўсе гэтыя сынавы турботы і выдаткі? “Ад яе ўсе чэрці, ад Людмілы, – усё паўтаралі, перакананыя ў сваёй праўдзе, суседзі, нібыта чыталі мае думкі. – Яна нашаптала маці. А Макараўна сама… Кажуць жа: каго радзей бачыш – таго больш любіш…”.
“Аддайце, і кроў з носу!”
А тут яшчэ сын Уладзіміра ад першай жонкі заявіў безапеляцыйна:  “Што мне належыць – аддайце, і кроў з носу!”
“А хто ж тады верне мне тыя грошы, якія ўклаў я ў гэту хату?” – пытаецца Уладзімір, хаця  і разумее, што адказу на пытанне ніхто не дасць. Акрамя, вядома, суда. Але для суда патрэбны квіткі, накладныя на матэрыялы – словам, пацвярджальныя  дакументы. А яны засталіся ў хаце, яны, калі  захаваліся, аказаліся ў Людмілы. Так думае брат Уладзімір, і яна паперы яму не верне. Навошта? І без суда ўсё ясна: на руках дакументы ад натарыуса…
“Валодзю не трэба было з’язджаць з дома, – дадаюць разважлівыя суседзі. – Жыў жа з жонкай пры маці.  Амаль тры гады жылі… Тады і сястра нос прыціснула б…”
А мне падумалася пра майго суседа, які ўзяўся за капітальны рамонт бацькоўскага дома толькі тады, калі ўзброіўся паперамі па адмове ад спадчыны сваіх братоў і сясцёр. Разумна і прадбачліва. У жыцці часта такое, калі  з суседзямі лепш ладзіш, чым з роднымі. Хто ведае, можа, не апошняе слова сказаў у гісторыі і  другі ўнук – сын Людмілы, які вывучыўся на адваката ў Оскфардскім універсітэце, у Англіі.
Дададзім, дом у Шуміліне з усімі пабудовамі, па словах Уладзіміра, можа “пацягнуць” на 40 тысяч долараў. Сума немалая, яна, мажліва, не будзе такой пасля таргоў, аднак ясна, што кожны з чатырох спадкаемцаў разлічвае на дармавую па сутнасці суму. Акрамя Уладзіміра, які  губляе сама болей, хаця разлічваў на львіную долю спадчыны. Крыўдна? Вядома. У яго сям’я, ён жыве ў жончынай кватэры, і  хацелася б хоць неяк вярнуць пачуццё гаспадара.
І апошні штрых, можа, самы важны – пра выхаванне. Пра тое, якімі выраслі дзеці, як умеюць спагадаць чужой бядзе, адчуваць чужы боль (а боль брата – і падаўна), як перараджаецца чалавек, як вырастае ў хцівага абывацеля  маленькая і кволая дзяўчынка з 70-х, як застаецца пакрыўджаным іншы, некалі родны ёй, а зараз, па ўсім відаць, горшы за самага чужога чалавек – яе брат. Не разумею ўнукаў, якія не толькі прэтэндуюць, а, скажам так, вырываюць з горла свае тысячы “баксаў”. Хаця ўсё – па законе. Тым не менш  сумна і прыкра на сэрцы…
Такі паварот падзей павінна была прадбачаць Аляўціна Макараўна. Не захацела зрабіць па-іншаму? Можа, крыўдавала на сына, які меў трэцюю жонку, ці  ўсё ж паступіла так з падачы дачкі?
На гэтыя  пытанні зараз ужо наўрад ці хто адкажа…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №36 ад 13.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *