Уроки воспитания. Магазин – не поле боя

Общество

Магазін – не поле бою
Мы, дарослыя, – дзіўныя людзі. І гэта самае лепшае, што могуць думаць пра нас нашы дзеці, штодня за намі назіраючы. Мы, канешне, робім выгляд, што іх выхоўваем, але на самой справе з лёгкасцю і без асаблівай нагоды можам азмрочыць самы радасны дзень і час. Проста таму, што яно дзіцё, а мы дарослыя. Проста таму, што нам – можна, а яму – нельга.
Цяжка не пагадзіцца з тым, што ў магазін цацак дзяцей водзяць, як правіла, нешта купіць. Гэта значыць, што ў нашым кашальку ёсць грошы, каб падарыць свайму малому радасць, што рашэнне купіць цацку ўжо прынята, што  мы  гатовы патраціць на гэта пэўны час. Здаецца, выкананы ўсе ўмовы, а радасці ў выніку няма. Затое ёсць слёзы,  пагрозы, а часам і пабоі.
Калі вы час ад часу заглядваеце ў аддзел цацак, то, напэўна ж, вам даводзілася назіраць карціну: малы выбірае цацку, а маці ці тата павіслі над ім і тармосяць, злуючы: “Ну, ты хутка?”, “Колькі можна, бяры ўжо хоць што-небудзь!”, “Што ты ўзяў?! Гэта табе не трэба”, “Ты ніколі нічога не можаш выбраць”, “Праз пяць хвілін ідзем дамоў: не выбераш нічога – застанешся без цацкі”, “Гэта апошні наш паход у магазін” і г. д.
У сітуацыях, калі бацькі выдаюць абсалютна дзіцячую рэакцыю (а гэта менавіта яна), дзецям, хочаш ці не, прыходзіцца праяўляцца па-даросламу. Але не па сілах гэта ім, да гэтага яны яшчэ сапраўды не дараслі. Таму ў апісанай сітуацыі дзіця і выглядае разгубленым, узбударажаным. Яно перабірае свае  пальчыкі ці падол сукенкі, у яго мітуслівыя рухі і усхваляваны, спалоханы позірк. Заўважце, усё гэта не пра паход да зубнога ўрача, і нават не пра нявывучаны ўрок, гэта пра шчасце купіць цацку. Няпэўнае, неадназначнае, змучанае такое шчасце.
Даволі цяжка ўявіць сабе матулю, якая, адправіўшыся ў магазін за новай сукенкай, выбера абнову хвілін за 10. Ды што там сукенку, нават на пакупку звычайных калготак сярэднестатыстычная жанчына з лёгкасцю можа патраціць гадзіну. А што такое калготкі ў параўнанні з новай цацкай? Нічога.
А гэта ж можа быць сапраўдным святам. І пачаць святкаваць, атрымліваць самыя станоўчыя эмоцыі можна загадзя. Лепш напярэдадні спланаваць свой дзень (добра было б, каб гэта быў выхадны і вы нікуды не спяшаліся). Можна абмеркаваць з сынам ці дачушкай, што б ім хацелася набыць. Абавязкова трэба нешта раіць: дзеці да пэўнага ўзросту (якраз пакуль іх яшчэ цікавяць магазіны цацак) упэўнены, што дарослыя лепш ведаюць, што ім трэба. Яны падсвядома спадзяюцца на нашу дапамогу, яны вераць, што толькі мы, бацькі, прапануем ім самае лепшае. А таму, калі вашы дзеці не могуць вызначыцца ў магазіне, дапамажыце ім. Прапануйце ім адно, другое, трэцяе, і яны абавязкова нешта выберуць, а потым будуць ўпэўнены, што менавіта пра гэта і марылі. А яшчэ яны будуць ўпэўнены ў сваіх сілах і ў тым, што бацькі іх вельмі любяць. І гэта самае важнае.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №38 ад 20.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *