Подворный обход в Шумилино

Общество Президент

Улица Полоцкая в г.п. Шумилино

Пра абочыны дарог і паваленыя агароджы
На мінулым тыдні прайшоў падворны абход прыватных домаўладанняў некаторых вуліц Шуміліна. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў нацэліў рэйдавыя групы быць асабліва ўважлівымі да пытанняў навядзення парадку на падворках і за яго межамі.
Рэйдавая група № 3, у якую ўваходзіла і карэспандэнт раённай газеты,  наведала вуліцы Кірава, Полацкую, Акуцыёнка і завулак Кірава. Калі некалькімі словамі перадаць жыццё шумілінцаў у прыватных дамах, то можна сказаць: людзі працуюць. Працуюць на агародзе, у палісадніках, ля дома. Капаюць, фарбуюць, рамантуюць. І па знешнім выглядзе хаты можна меркаваць пра руплівасць гаспадара.  У аднаго дарагі вялікі дом, але выглядае неяк нязграбна, тэрыторыя зарасла травой. А ў другога маленькі домік, а побач акуратная агароджа, за якой буяюць ярка-пунсовыя цюльпаны і беласнежныя нарцысы.  Асабліва хочацца адзначыць невялікую вуліцу Полацкую: тут паўсюдна парадак.
Наогул, многія сядзібы былі чыстыя, абкошаныя – прыемна глянуць. Але ўсё ж такі знайш-ліся і такія гаспадары, якія не паспелі (ці не захацелі) прыбрацца. Вось ідзём па вуліцы і завулку з аднайменнай назвай – Кірава. Ля аднаго дома, зусім побач з праезнай часткай, ляжыць куча пяску. Ля іншага – цэгла, а наступны гаспадар увогуле выкінуў за агароджу абрэзанае вецце яблынь. Так не па-вінна быць. “Кожнаму гаспадару трэба ведаць, што ўласная тэрыторыя  толькі за агароджай, а за  яе межамі – грамадская, – тлумачыць галоўны архітэктар горада З. А. Мясаедава. – І тут нельга складзіраваць дровы, пясок ці будаўнічыя матэрыялы”.  Некаторыя жыхары шчыра прызналіся, што і не ведалі, што за гэта пагражае штраф.  Члены рэйдавай групы ўказалі і на тое, што нельга складзіраваць ля сметнікаў кучы вецця ці будаўнічых адыходаў. Лепш пакінуць усё гэта ля дома і выклікаць з камунгасу трактар.
Наступнае “слабае звяно” вуліц прыватнага сектара – гэта агароджы. Ля некаторых дамоў (праўда, такіх на нашым шляху сустрэлася нямнога) яны пахіленыя, месцамі струхлелыя. А вось адзін з гаспадароў купіў невялічкі домік на завулку Кірава і вачэй сюды не паказвае. Агарод зарос травою, агароджа павалілася. Суседзі, людзі  гаспадарлівыя, абураліся на такі беспарадак.
Хочацца адзначыць, што  рэйдавай групе жыхары таксама выказвалі прэтэнзіі. Асабліва прасілі  прыкатаць шчэбень па дарогах. Ён нядаўна падсыпаны, і хадзіць  ці ездзіць на веласіпедах  нязручна.  Жыхары вуліцы Кірава папрасілі звярнуцца ў адпаведныя службы, каб абрэзалі вецце дрэў пад лініяй электраперадач. Гэта праблема будзе вырашана ў рабочым парадку.
Падчас падворнага абходу было складзена 18 прадпісанняў. У асноўным за неабкошаныя тэрыторыі, будматэрыялы на абочынах дарог і паваленыя агароджы. Прадпісанне – гэта толькі папярэджанне. Калі людзі не навядуць парадак, то ў наступны раз атрымаюць штраф.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №38 ад 20.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *