В Год гостеприимства агроусадьбы Шумилинского района приглашают…

Актуалии Край шумілінскі Экономика

Камароў баяцца – агратурызмам не займацца
Спецыяльная камісія, збіраючыся ў вандроўку па аграсядзібах нашага раёна, канешне, мела намер ацаніць іх гатоўнасць да новага турыстычнага сезона. Ну, а ў мяне была выдатная магчымасць паглядзець на ўсё вачамі турыста, які выбірае, дзе і як яму адпачыць. Забягаючы наперад, варта сказаць, што варыянты сапраўды ёсць як для аматараў актыўнага адпачынку, так і для тых, хто проста любіць пагрэць бакі на сонцы і хоча, каб гэта сонца было як мага далей ад цывілізацыі.
Тут усё будзе, але крыху пасля
Алег Крыштон, гаспадар аграсядзібы “Ведрусы” (вёска Заобаль), заяўляе, што робіць месца для адпачынку ў першую чаргу для людзей з дзецьмі, для тых, хто гатовы  працаваць над сабой у плане паляпшэння маральнасці. Ягоная сцежка для турыстаў старанна абкошана, і малады чалавек з лёгкасцю вядзе па ёй гасцей. “Тут у мяне будуць лавачкі і месца для вогнішча. А ля гэтага дубочка я і змайструю альтанку для рамантычных спатканняў. І дарожкі хачу зрабіць прыгожыя, каб хадзіць зручна было. Вось тут у мяне будзе пляцоўка для палатак, а вакол я пасаджу сосны. А па парку будуць бегаць трусы, каб прыгожа было,” – гаспадар водзіць гасцей па тэрыторыі, дзе непасрэдна і збіраецца аказваць паслугі агратурыстычнага кшталту, паказвае што і дзе будзе размяшчацца, перыядычна спасылаецца на план, дзе ўся будучая прыгажосць старанна вымалеваная на паперы. Там і пяць альтанак, і прыбіральня, і нейкая асаблівая лазня. Хочацца спа-дзявацца, што яго аптымізм будзе ўзнагароджаны турыстычным энтузіязмам, а пратаптаная ім у “Ведрусах” сцяжынка ніколі не зарасце.

Катамараны ждут туристов

“Найрана” сям’і Бычковых
Ён гатовы рабіць свет лепшым, і ў яго гэта сапраўды атрымлівацца. Да Анатоля Бычкова ніколі не паедуць людзі, не гатовыя да выпрабаванняў. Сам ён – натура цэльная, гарманічная, ён не чытае натацый і не вучыць жыць, але любому, хто ступае на яго тэрыторыю, не прыходзіць у галаву губляць час за выпіўкай і іншымі ганебнымі справамі. Катамаран на плечы – і сплаўляцца па Абалянцы. Маршрут пачынаецца ад Казьянскай крэпасці, там можа быць  першая стаянка, другая знаходзіцца каля былой вёскі Карлава (паміж Жданоўкай і Казьянамі), і наступная стаянка ў Рыбчыне. Маршрут даўжынёй у 22 кіламетры можа цягнуцца адзін – два дні, а можа і тыдзень: усё  залежыць ад таго, які час турысты пажадаюць праводзіць на стаянках. Да ўвагі турыстаў – небывалая прыгажосць, прытокі рэк, сасновыя бары, былая сядзіба Панячына – маляўнічае месца, дзе некалі жыў пан Баравік. Паданне пра пана – дадаецца. І наогул, гаспадар “Найраны” (наш рай) – так называецца прычал і ўся сядзіба сям’і Бычковых – захапляецца гісторыяй і культурай мясцін, дзе жыве, шмат ведае, расказвае цікава.

Домик охотника "Шумилинского лесхоза"

Канешне, яны ж прафесіяналы
Домік паляўнічага ў Роўным не пустуе. Нават, калі ён не заняты паляўнічымі, тут спыняюцца камандзіраваныя, проста адпачываючыя – любы, хто гатовы заплаціць 130 тысяч за суткі. За гэтыя грошы будуць прадастаўлены душ, кухня для самастойнай гатоўкі, утульная гасціная з інтэр’ерам у стылі кантры і тэлевізарам.
Але першым сустракаў гасцей стомлены спякотай сабака, які на нас, канечне, пагаўкаў, але ляніва. Ён схаваўся ў будцы, канструкцыя якой давала зразумець, што яе майстравалі прафесіяналы. А “Шумілінскі лясгас”, бясспрэчна, прафесіянал. Тут усё зроблена грунтоўна, ёсць неабходнае для адпачынку: мангал, шырокія сталы з лаўкамі, камфартабельная лазня і більярдная. Асабіста я наўрад ці калі вазьму ў рукі стрэльбу, але ў якасці адпачываючага ў гэтым Доміку  паляўні-чага я сябе ўяўляю выразна. Як расказала работніца, адна віцебская сям’я ўзяла за правіла праводзіць тут кожны Новы год.
Рай на краі зямлі
Лідзія Пацябенька, гаспадыня сядзібы “Дзвінскі рай”, што ў Чэрчыцах, – сапраўдны карыфей у справе агратурызму на Шуміліншчыне. Сваім прыкладам яна выразна дае зразумець, што для таго, каб прымаць турыстаў, не трэба мець нічога асаблівага, нічога такога, чым не была б багата любая вясковая хата. Лазня, некалькі ложкаў, агарод са свежай зелянінай і стол, на якім заўжды нацыянальныя прысмакі. Ну, а прырода вакол, рака, дзе хочаш – рыбу лаві, хочаш – купайся. Гэта калі ласка, гэтага дабра колькі хочаш у любым кутку Шуміліншчыны. І цішыня. Калі мы нарэшце даехалі да гэтай аграсядзібы, падалося, што гэта і ёсць ён – край свету. Не кожнага з нас здзівіш вясковым каларытам, але гараджане гатовы здзіўляцца на кожным кроку. Тым больш, што на сёння начлег са сталаваннем каштуе ў “Дзвінскім раі” ўсяго 130 тысяч.

На усадьбе в Ерашово

Еўрапейскі ўзровень сэрвісу
Вось такой і ўяўляеш гаспадыню моднай еўрапейскай аграсядзібы – прыгожай, дасціпнай, нейкай асабліва сучаснай, не па-вясковаму, ці што. Антаніна Шадзько, гаспадыня аграсядзібы ў Ерашове, прызналася, што ўжо 10 год сям’я працуе над стварэннем гэтага аб’екту турызму. Не выкарыстаць гэтае маляўнічае месца на самым беразе Дзвіны было б проста недаравальна. Таму спыняцца на дасягнутым тут не збіраюцца: на падыходзе яшчэ адзін гасцявы домік і паркоўка. Мы, канешне, хочам на прыроду, а яшчэ мы абсалютна не супраць самых што ні на ёсць гарадскіх зручнасцяў, камфартабельных ложкаў, абсталяванай па апошнім слове тэхнікі кухні. Тым больш, што каштуе гэта ўсяго па сотні з “носа”. Ну, і за лазню прыйдзецца прыплаціць. Тут утульна і вельмі чыста. Ложкі засланыя льнянымі посцілкамі – справа рук гаспадыні. І наогул, адчуваецца, што ўсё тут зроблена адной клапатлівай рукой, зроблена – не наспех, з павагай да тых, хто будзе гэтым карыстацца.
Пры дарозе
Гаспадары аграсядзібы “Бацькоўскі кут” (вёска Язвіна) пазіцыянуюць сябе пакуль больш, як арганізатары  прыдарожнага сэрвісу. У іх надзвычай выгаднае становішча, з якога боку ні глянь. Яны гатовы смачна накарміць стомленага дарогай дальнабойшчыка, даць яму начлег. Але тое, што пад бокам – небывалай прыгажосці возера Мурожніцкае, дае нагоду займацца арганізацыяй адпачынку і для турыстаў, тых, хто едзе спецыяльна за гэтымі паслугамі.  Кафэ “Віраж” (гаспадыня Надзея Ісаковіч) – папулярнае сярод мясцовых жыхароў. Пакуль мы гутарылі з гаспадаром пра планы, сюды прыходзілі і прыходзілі людзі. Будучым турыстам гэта таксама спадабаецца, як, магчыма, і згуляць партыю ў більярд з гаспадаром.

Пляж "У Петровича"

А ў Пятровіча – песні і купанні
А ў аграсядзібе “У Пятровіча” (аграгарадок Башні) нас чакаў канцэрт у падтрымку рэспубліканскай акцыі “Дзень адчыненых дзвярэй у беларускіх сядзібах”. Слухаць песню “Бацькоўскі кут” у выкананні Андрэя Крыўцова, ды яшчэ на прыродзе, дзе і птушкі падпяваюць, – уражанне нават камарам не сапсаваць. Васіль Зянькоў, ён жа – Пятровіч – правёў невялікую экскурсію па сваёй сядзібе і, апераджаючы нашы пытанні, заявіў, што на ўсё лета нумары распісаны. Вось так. Але купацца на пляж прыйсці можа любы жадаючы, у чым мы і пераканаліся, спусціўшыся да вады. Тут і лодкі, і альтанка прама на дрэве: гаспадар заўжды марыў піць каву і глядзець на ваду. Мара здзейснілася напалову: альтанка ёсць, а піць каву некалі.
***
Нягледзячы на тое, што да канца вандроўкі група была стомленая і добра паедзеная камарамі, усе былі задаволены. Намеснік начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Андрэй Мазанкоў тым, што ўсе сядзібы гатовы прымаць гасцей і новы турыстычны сезон адкрыты; галоўны санітарны ўрач раёна Сяргей Конышаў тым, што з пункту гледжання санітарыі ўсё ў норме; старшы інспектар РАНС Яўген Сташонак канстатаваў, што пажарная бяспека ў парадку; першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Хмарын прыкінуў, куды можна прывезці моладзь на адпачынак; ну, а я ў чарговы раз пераканалася, які ж прыгожы наш шумілінскі край, а таксама спланавала некалькі летніх выхадных.
Тэкст і фота Наталлі ЧАРНІЧЭНКІ.
Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *