Когда форс берёт верх над правилами дорожного движения

Происшествия

Машына перакулілася. Людзі пакалечаны
Штогод больш за сотню жыхароў нашага раёна атрымліваюць вадзіцельскія правы. Але адна справа – гэта здаць экзамен па Правілах дарожнага руху і ваджэнні, а іншая – практыка. Гэтага і не хапае многім пачынаючым вадзіцелям. “Больш таго, многія з іх упэўнены, што “ведаюць усё” і становяцца парушальнікамі на дарогах, – кажа начальнік ДАІ РАУС М. У. Гаралевіч. – Так, штогод менавіта маладыя ва-дзіцелі, якія маюць стаж за рулём менш за два гады, здзяйсняюць 30%  усіх правапарушэнняў у раёне”.
Гэта самыя розныя парушэнні Правілаў дарожнага руху: незахаванне хуткаснага рэжыму, праезд на чырвонае святло святлафора, парушэнне правілаў манеўравання, ігнараванне дарожных знакаў, няправільная стаянка і г.д.  Нярэдкія выпадкі, калі з-за такога ігнаравання Правілаў калечацца людзі. Яшчэ свежае ў памяці дарожна-транспартнае здарэнне, якое адбылося ў канцы красавіка на аўтадарозе Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні.  Малады чалавек з Шуміліна ўзяў напракат у Віцебску  аўтамабіль “Фіят-Пунта” і раскатваў на машыне са сваімі сябрамі. Маладому вадзіцелю (ён за рулём менш за два гады) дазвалялася ехаць з хуткасцю не больш за 70 кіламетраў у гадзіну, а ён перавысіў устаноўленую хуткасць на 30 км/гадз. Больш таго, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет, дзе машына некалькі разоў перакулілася. Тры дзяўчыны і хлопец, якія ехалі ў якасці пасажыраў, з цялеснымі пашкоджаннямі былі дастаўлены ў бальніцу для медыцынскага агляду. Трое былі адпушчаны дадому. Яшчэ адна непаўналетняя жыхарка райцэнтра (яна пацярпела больш за ўсіх)  шпіталявана на лячэнне ў абласную баль-ніцу.
Па дадзенай аварыі яшчэ праводзіцца праверка. Але зразумела, што маладому вадзіцелю пагражае не толькі адміністрацыйная, але і крымінальная адказнасць, бо ён паставіў пад удар чужыя жыцці. А ўсё з-за самаўпэўненасці і незахавання Правілаў дарожнага руху.
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №42 ад 03.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *