Учения по ликвидации пожара прошли в Шумилино

Актуалии Безопасность

Выратавалі поле і лес
23 мая прайшлі тактыка-спецыяльныя вучэнні па праверцы дзеянняў сіл і сродкаў Шумілінскага раённага звяна дзяржаўнай сістэмы па надзвычайных сітуацыях пры ўзнікненні пажараў у лясных масівах.
Спякотны майскі дзень. Нехта па неасцярожнасці ці наўмысна чыркнуў запалкай – і ярка-чырвоная змейка гарачымі языкамі полымя пакацілася па сухой траве. Потым перакінулася на меліярацыйны канал, папаўзла ў бок лесу. Агонь заўважылі выпадковыя прахожыя, якія патэлефанавалі па нумары 112  і паведамілі, што ва ўрочышчы Дзюбянка два ачагі пажару.
Тэрмінова на здарэнне выехала дзяжурная змена на дзвюх пажарных машынах. На дапамогу паспяшаліся работнікі лясгасу, ДРБУ-204, РВЭСа, райаграсэрвісу.  Усе службы прыступілі да тушэння пажару. Леснікі ратавалі ад агню маладыя пасадкі. Механізатар “Шумілінскага райаграсэрвісу” ўзараў край поля – каб агонь не перакінуўся далей.
“Чайка-7, Чайка-7, – чуліся пазыўныя начальніка РАНС А. І. Сасновіча. – Пажар зацяжны. Патрабуецца дапамога.” Тэрмінова быў сабраны штаб па надзвычайных сітуацыях на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А. П. Быкавым.
На месца здарэння прыбыла “хуткая дапамога”. Работнікі рай-спажыўтаварыства прывезлі кашу, бутэрброды і  ахаладжальныя напіткі (па сцэнарыю вучэнняў пажар зацягнуўся на два дні).
Тым часам выратавальнікі і іх памочнікі змагаліся з вогненнай стыхіяй. Ратавалі поле, лес і будынак, што знаходзіўся непадалёк. Вецер з усёй сілай  раздзімаў гарачыя языкі полымя, нібыта хацеў, каб яны ахапілі ўсю Дзюбянку. Але выратавальнікі дзейнічалі зладжана і ўпэўнена. Пажар быў патушаны, пацярпелых ад агню не было.
Вынікі вучэнняў падвялі намеснік начальніка аддзела службы і баявой падрыхтоўкі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС А. Л. Яроцкі і вядучы спецыяліст аддзела арганізацыйнага забеспячэння дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грама-дзянскай абароны А. Л. Лявіцкая. Яны прааналізавалі  практычныя дзеянні аператыўнай групы камісіі па надзвычайных сітуацыях райвыканкама, аварыйных службаў пры тушэнні пажару, ацанілі захаванне выратавальнікамі тэхнікі бяспекі. Вывад: “Спрацавалі добра. Пажар патушаны. Малайцы!”
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 03.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *