На повестке дня районного совещания аграриев — сев

Актуалии Президент Экономика

Трактары – на палеткі, жывёлу – на пашу

У мінулую пятніцу, 14 красавіка, прайшла сельскагаспадарчая нарада, на якую былі запрошаны кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, ветстанцыі і племстанцыі, спецыялісты райсельгасхарчу. Старшыня райвыканкама А. І. Снараў прадставіў новага начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама – Віталя Уладзіміравіча Коваля.
На нарадзе абмяркоўвалася самае важнае і надзённае пытанне на сённяшні дзень –  сяўба яравых зерневых і зернебабовых. У гарачы і напружаны час важна своечасова падрыхтаваць глебу і засеяць. У дзень нарады па раёне было засеяна 1705 гектараў зерневых (20% да плана). Вышэй  за сярэднераённы паказчык набыткі ў КУСГП “Сіроцінскі” (37%), КУСГП “Ульскі” і ААТ “Прыдзвінскі” (па 32%).
Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах сейбіты працуюць на палетках з шасці гадзін раніцы. А механізатары на трактарах з плугамі, чызелямі, баронамі прыступаюць да работы і таго раней – каб падрыхтаваць патрэбныя ўчасткі для сяўбы. На жаль, часта перашкаджае надвор’е. Так, з-за дажджоў напрыканцы мінулага тыдня сеялкі ў некаторых гаспадарках раёна ўвогуле не змаглі выехаць на палеткі, дзесьці сеялі зерневыя выбарачна, ды і то не абышлося без праблем – трактары буксавалі.
На нарадзе вялася гаворка пра якасць ворыва і сяўбы, пра правільную задзелку насення, пра эканомію паліва і дысцыпліну на рабочых месцах. Спецыялісты райсельгасхарчу звярнулі ўвагу на актывізацыю работы па ўборцы з палеткаў камянёў, з-за якіх часта псуецца сельскагаспадарчая тэхніка, запчасткі да якой сёння каштуюць нятанна.
Злабадзённае пытанне – падкормка азімых зерневых. У раён паступіла 600 тон карбаміду, з якіх 450 тон сельгаспрадпрыемствы забралі і выкарысталі. 200 тон прывезлі КАСа, на днях прывязуць яшчэ столькі ж. На раён выдзелена 180 тон сульфату амонію.
На нарадзе абмяркоўвалася навядзенне парадку ў майстэрнях, афармленне патрэбнай дакументацыі. Некаторыя гаспадаркі крытыкаваліся за тое, што не  вядуць накапляльныя ведамасці на паліва.
Другая частка мерапрыемства была прысвечана жывёлагадоўчым пытанням. Пачаўся выган жывёлы на пашу, у канцы мінулага тыдня пяць статкаў кароў і тры гурты цёлак знаходзіліся на выгане. У некаторых гаспадарках яшчэ рамантуюць перасоўныя даільныя ўстаноўкі, шукаюць пастухоў. Але да канца месяца, як расказалі спецыялісты райсельгасхарчу, 33 гурты кароў і 15 гуртоў цёлак павінны знаходзіцца на кругласутачным пашавым утрыманні.
Утрыманне, кармленне і лячэнне буйной рагатай жывёлы, асемяненне кароў, захаванасць маладняку – вось тыя важныя пытанні, якія абмяркоўвалі кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і дзяліліся вопытам. Напрыклад, дырэктар ААТ “Лаўжанскае” Ю. У. Труш прапанаваў схему выпайкі цялят ад нараджэння да аднаго месяца, дзякуючы якой зніжаецца падзеж.
Вынікі нарады падвёў А. І. Снараў. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што другая палова красавіка будзе для сельгаспрадпрыемстваў цяжкай і гарачай: кіраўнікам трэба ўсюды паспяваць – і пасяўную пракантраляваць, і статкі наведаць, і фермы. Як паказвае жыццё, без кантролю і дысцыпліны на рабочых месцах мала дзе бываюць парадак і добрыя вынікі работы.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *