На рабочем совещании в райисполкоме

Актуалии Президент

Вясна патрабуе сеяць і наводзіць парадак на зямлі
Па прагнозах сіноптыкаў, да канца тыдня слупок тэрмометра падымецца да 13–градуснай адзнакі. А гэта значыць, што пасля жорсткай барацьбы вясна ўрэшце ідзе ў наступ і настойліва патрабуе: сеяць і наводзіць парадак на зямлі. Гэта асноўныя тэмы, вынесеныя старшынёй райвыканкама У. П. Куранным на ўчарашнюю рабочую нараду.
Між тым, як адзначыў кіраўнік раёна, у мінулыя выхадныя актыўна на адвозцы арганікі працавалі толькі ў “Шумілінскім райаграсэрвісе” і ў “Ляжнях”. Астатнія дазволілі сабе адпачываць, што проста недаравальна. Уладзімір Пятровіч падкрэсліў, што з боку райвыканкама будзе жорсткі кантроль за ходам пасяўных работ. Што датычыць работы механізатарскіх кадраў з гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый, то ўжо з 10 красавіка шэфы павінны працаваць у сельгаспрадпрыемствах.
Старшыня райвыканкама яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць “раскупорыць” жывёлагадоўчыя памяшканні, даць прыток свежага паветра. Ён выказаў незадаволенасць нізкай таварнасцю малака, асабліва ў такіх гаспадарках як “Сіроцінскі” (59%) і “Ульскі” (61%), папярэдзіў аб недапушчальнасці прыпісак.
На нарадзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў прамысловага і будаўнічага накірунку, у прыватнасці, размова ішла пра далейшы лёс льнозавода, які стаіць на парозе банкруцтва. Сітуацыя на Обальскім керамічным больш аптымістычная. Па выніках работы за красавік прадпрыемства мяркуе выйсці на 150%.
Па Обалі ўрэшце вырашаецца і пытанне з водазабеспячэннем. Як далажыў намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў, на свідравіне ўстаноўлена помпа, да канца гэтага тыдня свідравіна будзе працаваць на поўную магутнасць.
Шэраг пытанняў сацыяльнага кшталту вынесла на абмеркаванне старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава. Ірына Мікалаеўна лічыць недапушчальнай сітуацыю, калі ў раёне не працуюць 6 комплексных прыёмных пунктаў (у Дабеі, Ляжнях, Мікалаёве, Кардоне, Мішневічах і Мішкавічах). Нельга дапускаць і закрыццё паштовых аддзяленняў сувязі ў Добрыне, Пабедзе, Лявонаве, Сіроціне, Крывым Сяле. Акрамя таго, І. М. Новікава адзначыла, што не ў поўным рабочым рэжыме працуюць фельчарска-акушэрскія пункты ў Дабеі, Грудзінаве і Мішкавічах, ёсць праблемы і па гандлёвым абслугоўванні. Так, напрыклад, у Пабедзе магазін працуе толькі з 9 да 16 гадзін, што крайне не задавальняе пакупнікоў. Усе гэтыя пытанні ствараюць сацыяльную напружанасць і патрабуюць неадкладнага вырашэння.
Сітуацыю на прававым полі акрэсліў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў В. В. Мядзвецкі. Ён далажыў, што за мінулы тыдзень было здзейснена 5 злачынстваў, 4 з іх раскрыты, па лініі ДАІ былі складзены 74 пратаколы. Мінулыя выхадныя адзначаны няшчасным выпадкам пры разборцы прыватнага панэльнага дома і смерцю маладога мужчыны, на якога ўпала пліта перакрыцця.
Вялікая ўвага на нарадзе была нададзена пытанням навядзення парадку на зямлі, рамонту дарог, будаўніцтва агароджаў, іншым аспектам добраўпарадкавання.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №28 ад 09.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *