В. П. Куренной утверждён в должности председателя Шумилинского райисполкома на сессии районного Совета депутатов 11 ноября т.г.

Актуалии Президент

Председатель Шумилинского райисполкома В. П. Куренной

Накірунак — на эфектыўнасць
11 лістапада адбылася 16-я нечарговая сесія раённага Савета дэпутатаў.
У рабоце сесіі прыняў удзел старшыня абласнога  выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец.
На парадак дня было вынесена адно пытанне — “Аб старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта”.
Як паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама У. М. Севярын, пытанне выклікана тым, што працуючы на пасадзе старшыні Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук звярнуўся з заявай у аблвыканкам аб вызваленні ад займаемай пасады ў сувязі з выхадам у адстаўку. Гэтае пытанне ўзгоднена з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
У. М. Севярын адзначыў уклад, які ўнёс у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна за 11 год работы В. А. Падляшчук. У прыватнасці, у мадэрнізацыю і тэхнічнае пераўзбраенне прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, у газіфікацыю Шуміліна, Обалі і шэрагу сельскіх населеных пунктаў, у аднаўленне машынна-трактарнага парка АПК. У раёне мэтанакіравана ішло выкананне Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, падкрэсліў Уладзімір Мікалаевіч, пабудавана 8 аграгарадкоў, праведзена рэканструкцыя і тэхнічнае пераабсталяванне 16-ці малочнатаварных ферм, уведзены ў эксплуатацыю жывёлагадоўчыя комплексы ў ААТ “АграБаравінка” і “Прыазёрны мір”. За гэтыя гады ў раёне створана 75 новых прадпрыемстваў недзяржаўнай формы ўласнасці, паслядоўна развівалася сацыяльная сфера, укаранёны і ўдасканальваюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты.
За шматгадовую добрасумленную працу ў органах дзяржаўнага кіравання, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, рашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва В. А. Падляшчук узнагароджаны Ганаровай граматай    раённага выканаўчага камітэта і Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў. Узнагароды ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь старшыня райвыканкама прызначаецца старшынёй абласнога выканаўчага камітэта па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Кандыдатура старшыні райвыканкама ўносіцца на зацвярджэнне раённага Савета дэпутатаў.
Аблвыканкам прапанаваў на разгляд дэпутатаў Шумілінскага раённага Савета кандыдатуру Кураннога Уладзіміра Пятровіча.
Уладзімір Пятровіч нарадзіўся ў 1961 годзе ў вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. У 1992 годзе скончыў Вялікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці агранамія, у 2011 годзе — Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці кіраванне аграпрамысловым комплексам.
Працоўную дзейнасць У. П. Куранны пачаў у 1980 годзе электраманцёрам трэста “Захадэлектрабуд” горада Гомеля. Пасля службы ў радах Савецкай Арміі і заканчэння Жыліцкага саўгаса-тэхнікума Магілёўскай вобласці працаваў інжынерам, сакратаром парткама саўгаса “Руднянскі”, старшынёй Залатомінскага сельскага Савета дэпутатаў, намеснікам старшыні калгаса “Камуніст” Кармянскага раёна Гомельскай вобласці.
У Віцебскай вобласці Уладзімір Пятровіч працуе з 1990 года — намеснікам старшыні калгаса “Чырвоны сцяг”, дырэктарам камунальнага ўнітарнага вытворчага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Бароўка” Лепельскага раёна. У 2002 годзе прызначаны на пасаду першага намесніка старшыні, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лепельскага райвыканкама.
Аблвыканкам лічыць, падкрэсліў У. М. Севярын, што У. П. Куранны, выкарыстоўваючы свае веды і вопыт, абапіраючыся на падтрымку дэпутатаў раённага Савета, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, годна ўзначаліць выканаўчую ўладу Шумілінскага раёна і зробіць усё магчымае, каб забяспечыць дынамічнае развіццё сацыяльна-эканамічнага становішча рэгіёна. Кандыдатура Уладзіміра Пятровіча Кураннога ўзгоднена з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
У. П. Куранны выступіў перад дэпутатамі раённага Савета і актывам раёна. Ён выказаў спадзяванне на падтрымку, заверыў, што апраўдае давер, запэўніў, што прыйшоў у Шумілінскі раён надоўга, магчыма, назаўсёды.
Дэпутаты раённага Савета адзінадушна пад-трымалі кандыдатуру Кураннога У. П. і за-цвердзілі яго старшынёй Шумілінскага раённага выканаўчага камітэта.
Старшыня абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінец павіншаваў У. П. Кураннога і ўручыў яму службовае пасведчанне.
Ад дэпутацкага корпуса раёна Уладзіміра Пятровіча павіншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, уручыла яму кветкі і галоўныя кнігі раёна — “Памяць. Шумілінскі раён” і “Наша Шуміліншчына”.
Шуміліна па-сутнасці спадарожнік Віцебска, адзначыў старшыня аблвыканкама А. М. Косінец, выступаючы перад удзельнікамі сесіі, але не дацягвае да гэтага статусу. Аляксандр Мікалаевіч нацэліў на больш эфектыўную работу, на тое, каб бюджэт раёна найперш фарміравалі падаткі на прыбытак і дабаўленую вартасць, а не падаходны падатак. Трэба браць накірунак на пераўзбраенне існуючых прадпрыемстваў і стварэнне новых, сказаў кіраўнік вобласці, на павышэнне вытворчай дысцыпліны, павелічэнне заработнай платы, выкарыстоўваць выгаднае лагістычнае становішча раёна. Аляксандр Мікалаевіч паставіў таксама задачу перагледзець інвестыцыйную палітыку ў раёне, работу з кадрамі, у бліжэйшы час распрацаваць сістэму мер па вываду раёна на больш эфектыўную работу.
Аліна ПЯТРОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *