Прокуратура изучила причины смертности

Актуалии Безопасность Общество

Страты, якіх магло не быць
Штогод пракуратурай вобласці вывучаюцца прычыны смерці людзей. За першае паўгоддзе ў вобласці памерла 10220 чалавек (за такі перыяд мінулага года – 10344). Па вобласці ад знешніх прычын загінулі 1034 чалавекі, з якіх 767 мужчын і 240 жанчын.
Найбольшая колькасць загінуўшых у Віцебску, Лепельскім і Чашніцкім раёнах. Павялічылася колькасць загінуўшых у Шаркоўшчынскім, Бешанковіцкім і Гарадоцкім раёнах, а вось у Верхнядзвінскім, Лёзненскім, Шумілінскім і Глыбоцкіх раёнах гэты паказчык знізіўся. У стане алкагольнага ап’янення на момант смерці знаходзілася 672 чалавекі.
За першае паўгоддзе ў вобласці здзейснены 28 забойстваў і 4 спробы забойстваў. Рост такіх злачынстваў назіраецца ў Віцебску, Верхнядзвінскім, Віцебскім, Міёрскім і Талачынскім раёнах. У Шумілінскім раёне забойстваў не зарэгістравана.
Па-ранейшаму вострай застаецца праблема самагубства. За шэсць месяцаў колькасць суіцыдаў склала 227 (летась – 296). Асаблівую заклапочанасць выклікае рост самагубстваў сярод непаўналетніх –  з пяці фактаў у мінулым годзе да сямі сёлета. Факты суіцыдаў зарэгістраваны ва ўсіх рэгіёнах вобласці. Найбольш іх адбылося ў Оршы, Наваполацку, Віцебску, Лепельскім і Полацкім раёнах. У першым паўгоддзі ў Шумілінскім раёне зарэгістравана чатыры самагубствы, а на сённяшні дзень – 13.
Вялікая колькасць грамадзян гіне ў выніку агульнага пераахалоджвання (55 чалавек). Як паказвае аналіз, большасць такіх загінуўшых злоўжывала спіртным і нідзе не працавала.
49 грамадзян загінулі ў дарожна-транспартных здарэннях. Найбольш неспрыяльная сітуацыя складваецца ў раёнах, дзе ёсць буйныя аўтамагістралі: Полацкім, Віцебскім, Талачынскім і Пастаўскім, а таксама  ў Віцебску і Оршы.
Павялічылася колькасць грамадзян, якія атруціліся спіртаўтрымліваючымі, сурагатнымі і алкагольнымі вадкасцямі (197 чалавек). Найбольш такіх фактаў у Віцебску і Оршы (па 14 выпадкаў), Сенненскім, Лепельскім (па 12) і Гарадоцкім (9) раёнах. У першым паўгоддзі ў Шумілінскім раёне атруціліся алкаголем 6 чалавек.
Парушэнне правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі – прычына смерці 11 чалавек на вытворчасці. На прадпрыемствах Віцебска загінулі 5 работнікаў, па аднаму – на прадпрыемствах Полацка, Наваполацка, Талачынскага, Пастаўскага, Аршанскага і Бешанковіцкага раёнаў.
За першае паўгоддзе на тэрыторыі вобласці адбыліся 754 пажары, у агні загінула 129 чалавек., з іх двое дзяцей. Найбольш трагічныя выпадкі адбыліся ў Оршы і Аршанскім раёне (загінула 16 чалавек), Чашніцкім, Сенненскім і Докшыцкім раёнах (па 9 выпадкаў). У Шумілінскім раёне за першае паўгоддзе адбылося 25 пажараў, у якіх чатыры чалавекі загінулі.
На вадзе загінуў  61 чалавек, з іх 6 дзяцей. Найбольшая колькасць людзей гіне пры купанні (24), падзенні ў ваду (18), пры катанні на плаўсродках (2), у час рыбалкі (6).
Па выніках праверкі ў абласны выканаўчы камітэт накіраваны інфармацыйны ліст для прыняцця арганізацыйных мер па папярэджанні смерці людзей.
М. САШЧЭКА,
пракурор аддзела пракуратуры вобласці па нагляду за расследаваннем крымінальных спраў у органах пракуратуры.
Надрукавана ў №93 ад 30 лістапада 2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *