Криминал. Происшествия

Происшествия

Вандалы
Кіраўніцтва УП ЖКГ паведаміла ў міліцыю, што на вуліцы Сіпко ў Шуміліне  ноччу наўмысна пашкодзілі 20 элементаў бетоннай дэкаратыўнай агароджы. Урон, нанесены камунгасу, складае больш як тры мільёны рублёў. Супрацоўнікі аддзялення крымінальнага вышуку знайшлі вандалаў: імі аказаліся двое хлопцаў са Светласельскага і Шуміліна. Чым хлопцам перашкодзіла агароджа – у гэтым разбіраецца міліцыя. Згодна з арт. 341 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Апаганенне збудаванняў і пашкоджанне маёмасці” супраць хлопцаў узбуджана крымінальная справа.
Тапельца
У Башнях на возеры Будавесць патануў жыхар Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Мужчына  часова жыў і працаваў у Башнях. Вырашыў пакупацца – і не выплыў…
Марыхуана
У ходзе нясення начной службы міліцыянеры заўважылі на перакрыжаванні вуліц 70 год БССР і Юбілейнай легкавушку, у задымленым салоне  якой  двое жыхароў Віцебска,  як аказалася, курылі марыхуану. Адзін з хлопцаў расказаў, што набыў яе ў Наваполацку і падзяліўся з сябрам. Супраць  маладога чалавека ўзбуджана крымінальная справа  па арт. 328, ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконная без мэты збыту перавозка, захоўванне наркатычных сродкаў”. Яму пагражае абмежаванне волі да пяці гадоў або пазбаўленне волі ад двух да пяці гадоў.
Граната
Ля вёскі Сіроціна мясцовая жыхарка знайшла гранату часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра небяспечную знаходку жанчына паведаміла ў міліцыю. З Віцебска была выклікана група размініравання, граната абясшкоджана і знішчана.
Пажары ў красавіку
У красавіку ў раёне зарэгістраваны тры пажары. Пашкоджана дача ў Обалі, сушылка прыватнага прад-прыемства “Ліварыс” у Ерашове, згарэла лазня ў Шуміліне. Агульны ўрон склаў амаль 15 мільёнаў рублёў. Супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях выратавалі шэсць пабудоў на суму больш як 20 мільёнаў рублёў.
Абгон
Жыхар Шуміліна на ўласным аўтамабілі ”Опель-Кадэт” на аўтадарозе  Лепель-Полацк абагнаў МАЗ у зоне дзеяння знака “Абгон забаронены”. Вадзіцель выкліканы на адміністрацыйную камісію ДАІ, яму пагражае штраф да дзесяці базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на адзін год.
На жоўтае святло
Жыхар Шуміліна на аўтамабілі “Фіят” паехаў праз перакрыжаванне вуліц Юбілейная-Луначарскага на забараняючае жоўтае святло святлафора. Вадзіцелю пагражае штраф ад адной да пяці базавых велічынь.
На хуткасці
На аўтадарозе Бешанковічы-Шуміліна-Сураўні жыхар Шуміліна на аўтамабілі “Фіят-Пунта” перавысіў устаноўленую хуткасць, не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перакуліўся. Машына пашкоджана. Вадзіцель не пацярпеў. Тым не менш яму пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў тэрмінам на адзін год.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №44 ад 10.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *