«Инъекция» для творческой натуры

Общество

“Ін’екцыя” для творчай натуры
У інтэрнэт-варыянце  інтэрв’ю з Таццянай Мархель (калі хто не ведае, пра каго гаворка, скажу: народная артыстка Беларусі, доўгі час працавала ў Віцебску ў драматычным тэатры імя Якуба Коласа) “зачапіўся” за словы, якія ўразілі. Яна сказала: “Беларуская мова – элітная”. Лепш, напэўна, не скажаш,  лепш не прыдумаеш, як прызнацца ў любові да таго, што блізка твайму сэрцу. Тваёй сутнасці.
Таццяне Мархель – 75. Няхай прабачыць мне народная артыстка (вядома, калі прачытае гэтыя разважанні) за тое, што “рассакрэціў” яе ўзрост: па-мойму, яна сама не саромецца сваіх досыць спаважных гадоў. І вярнуўшыся да згаданага інтэрв’ю, прызнаюся: для сваіх гадоў Таццяна Мархель у  разважаннях смелая, можа, нават рызыкоўна смелая. Яе пакінуў муж, і яна не самоціцца, не бядуе, кажа: “З мужам я ніколі не бачыла, як узыходзіць сонца над ракой…” А між тым яна даравала яму здраду. Не, не зусім, бо “толькі святая жанчына можа так зрабіць”– гэта з прызнанняў Таццяны Рыгораўны. А просты смяротны – не зробіць.
Яна не адчувае сябе адзінокай, як таполя сярод поля.  Яна можа нафантазіраваць сабе такога кахання, што чарцям стане млосна. Жанчыне падабаецца  каханне нераздзельнае, на адлегласці, бо ў ім многа шчасця, радасці. Бо калі набліжаешся да чалавека, з якім “нафантазіраваўся”, губляецца гэтая слодыч міражу…
Усе любяць маладое. Больш свежае, чым сам ці сама. Мусіць,  любіць і мець маладое і свежае могуць дазволіць не многія. Ну, артысты, мастакі, пісьменнікі – словам, людзі з творчай жылкай. Але зноў-такі не ўсе і яны.  Мог такое сабе дазволіць Іван Бунін. Эмігрант, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, чалавек з вялікімі грашыма і славай. Думаю, таму і “ліплі” да яго жанчыны – маладыя, харошанькія і элегантныя.
Мог дазволіць Алег Табакоў, у якога і грошы, і слава, яшчэ з дзясятак, а мо і соцень людзей, якія не сыходзяць з экранаў тэлевізараў. Мы пра іх ведаем ўсё, і тое, што яны рызыкуюць жаніцца на ўнучках (вядома, не на тых, з кім у сваяцтве, – проста з такой разбежкай гадоў) і мець нават ад іх дзяцей. Можа, для некага гэта і смешна. А мне не. І не таму, што ўхваляю такую “разбэшчанасць”, проста не раз чуў прызнанні, наколькі патрэбна “сілкаванне” для творчай натуры. Як для любой батарэі – каб вярнуць ёй энергію. Ведаю, наколькі патрэбна творцу заўсёды быць у тонусе. Калі гэтага няма, калі няма натхнення, ён можа ўпасці ў дэпрэсію, з якой многія  не выхо-дзяць.  Для творцы, а ўрэшце рэшт і для грамадства, якому аддае свае творы мастак, такі шлюб, напэўна, з’яўляецца  добрай “ін’екцыяй”. Іншага не прымаю, іншае будзе, па-мойму, распустай.
Нехта скажа: усё гэта расхіствае, разбурае традыцыйны вобраз сям’і.  Але што было б з намі, каб усе хадзілі роўненька, жылі, як у раю – без спрэчак, без непаразуменняў. Што гэта было б? Ідылія, паказ якой можа дазволіць сабе творца, і то для абмалёўкі пэўнага вобраза. У жыцці так не бывае і ніколі не будзе. Бо чалавек – істота, “начыненая” свядомасцю (у адрозненне ад жывёлы), яна са сваімі перакананнямі, звычкамі,  уражаннямі і захапленнямі. Нават тымі захапленнямі і слабасцямі, якімі грашыць і якія не могуць укласціся ў рамкі асобных Хрыстовых запаведзяў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №46 ад 17.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *