В «Ульском» готовят корма с запасом

Сельское хозяйство Экономика

Запас бяды не чыніць
Механізатары КУСГП “Ульскі” не любяць загадваць наперад і хваліцца, што хутка ў гаспадарцы фінішуе касавіца, бо кожны дзень непрадказальны. Вось працавалі Ігар Барысевіч і Леанід Шакараў (на здымку) на сваіх двухметровых касілках, рабілі паўтары-дзве даведзеныя нормы. І раптам падвялі трактары. Абодва адразу.  “Галоўны інжынер паехаў у Полацк за коламі, – патлумачыла дырэктар гаспадаркі В. У. Лабейка. – Праз гадзіну механізатары могуць зноў прыступіць да работы”.
На мінулым тыдні, калі мы пабывалі ў КУСГП “Ульскі”, тут працаваў раённы кормаатрад з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Работа вялася ў комплексе: касілі, зграбалі, здрабнялі і адвозілі зялёную масу. За дзень меліяратары паспявалі скасіць амаль сто гектараў травы – гэта вялікая дапамога гаспадарцы. Дзякуючы работнікам ПМС гаспадарка выбілася ў перадавікі па тэмпах касьбы.
Разам з тым у “Ульскім” не без праблем. Асноўная з іх – гэта недахоп тэхнікі. Не перашкодзілі б касілкі, не стае трактароў на адвозцы. Валянціна Уладзіміраўна лічыць, што механізатары ў гаспадарцы ўсе старанныя і працавітыя. Яна хваліла Уладзіміра Прыгуна, Васіля Аглушэвіча, Аляксея Дамарата, якія працуюць на адвозцы. Але ж калі адзін трактар выйшаў са строю – хоць каравул крычы, бо няма на чым вазіць “зялёнку”. Добра што выручае льнозавод – адтуль часова прыехаў механізатар на трактары.
Усяго ў “Ульскім” трэба скасіць першым укосам 570 гектараў травы. На мінулым тыдні гэтую работу заканчвалі. Было закладзена дзве сянажныя траншэі, куды змясцілася каля дзвюх тысяч тон корму. А ўсяго ў гаспадарцы трэба нарыхтаваць 6,6 тысяч тон сенажу і 6 тысяч тон сіласу, адзначае В. У. Лабейка.  Калі ў мінулым годзе нарыхтавалі многа кармоў, дык змаглі вясной падзяліцца з “Лаўжанскім”. Ды і сабе засталася яшчэ непачатая мінулагодняя сянажная траншэя на паўтары тысячы тон.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №46 ад 17.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *