Нашы земляки. В. В. Мацкевич

Край шумілінскі Людзі і лёсы

На радзіму аднадумца і калегі
Візіт у Шуміліна А. І. Максімава, які жыве ў Падмаскоўі, стаў нечаканасцю не толькі для аўтара гэтых радкоў. Было б больш лагічна, каб  радзіму Л. М. Мацкевіча (ён служыў святаром у Дабеі, на Шуміліншчыне) наведаў нехта з яго сваякоў – далёкіх ці блізкіх. Але завітаў у нашы мясціны масквіч А. І. Максімаў, каб знайсці хоць якія драбніцы з жыцця Льва Мікалаевіча – дзеда Вадзіма Віктаравіча Мацкевіча, прафесара, чалавека, вельмі вядомага ў асяроддзі навукоўцаў-радыёэлектроншчыкаў Расіі, пачуць успаміны тых, хто мог ведаць ці чуць пра вядомага некалі ў ваколіцах Дабеі святара. А. І. Максімаў збіраецца напісаць кнігу пра славуты шлях прафесара В. В. Мацкевіча.
А. І. Максімаў за кубкам гарбаты ў кабінеце старшыні раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікавай расказаў пра мэту візіту, не прамінуў паказаць сваю дасведчанасць у радаслоўнай будучага героя сваёй кнігі (рабочая назва кнігі “Дзевяць жыццяў аднаго чалавека). Над кнігай працуе амаль год, дакладней, пакуль над зборам фактуры да кнігі. За гэты час сабраў столькі, што хапіла б на некалькі раманаў. Аднак у яго не такая мэта – ён піша дакументальную аповесць пра чалавека, з якім лёс звёў яго выпадкова.  Неяк паказвалі тэлеперадачу пра В. В. Мацкевіча, яна зацікавіла кіраўніцтва расійскага Цэнтральнага навукова-даследчага радыётэхнічнага  інстытута імя акадэміка А. І. Берга (А. І. Максімаў працуе намеснікам начальніка ўпраўлення інстытута). Неўзабаве адбылося знаёмства Аляксандра Ігаравіча са сваім калегам па электроніцы. На той час В. В. Мацкевічу было ўжо за 90, але, як прызнаўся А. І. Максімаў, яго тады прыемна здзівілі разважлівасць, светлы розум, выдатная памяць суразмоўцы.
З боку бацькі ён наш зямляк, з в. Дабея. У Новачаркаску засталіся яшчэ адны карані Вадзіма Віктаравіча – па лініі маці, якая была казачкай.
Цяпер па радаслоўнай. Дзед Леў Мікалаевіч служыў святаром у Дабеі з 1878 года. Прыход у яго быў вялікі, звыш тысячы прыхаджан. І наогул чалавекам ён быў аўтарытэтным не толькі ў царкоўным асяроддзі, паважалі яго і тыя, хто да царквы не гарнуўся. На той час Леў Мікалаевіч меў магчымасць аддаваць сваіх дзяцей на вучобу ў Варшаву. Так у Варшаўскім універсітэце вучыўся малодшы з дзяцей Віктар (бацька Вадзіма Мацкевіча).  Там застаўся і выкладаць. Праўда, неўзабаве пераехаў з сям’ёй у Новачаркаск, дзе ўладкаваўся ў Данскім політэхнічным інстытуце. На той час гэта ВНУ каціравалася вельмі высока. Тут, як мы гаварылі раней, карані Вадзіма па лініі маці. Так што з Новачаркаскам у В. В. Мацкевіча было звязана многае ў жыцці.
З радзімай па бацьку – менш. У Дабею яго, трохгадовага хлопчыка, прывезлі бацькі, каб развітаўся з дзедам. І ўсё. Больш наведаць дабейскія мясціны яму не выпала, відаць, не дазволіла вялікая занятасць па рабоце, можа, і  якія іншыя жыццёвыя акалічнасці. Ягоная сястра Лідзія, якая жыве ў Новачаркаску, была тут двойчы. Яна жывая, ёй 85. Між тым, па словах аўтара будучай кнігі, у сэрцы ягонага героя Дабейшчына жыла ўсё жыццё.
І нарэшце, пра тое, чаму кніга будзе, хутчэй за ўсё, насіць назву “Дзевяць жыццяў…”?  Бо, як сказаў А. І. Максімаў, ён дзевяць разоў за жыццё мог загінуць. Але выжыў. І ў многім дзякуючы свайму адметнаму таленту радыёканструктара (В. В. Мацкевіч напісаў, акрамя “сур’ёзных” навуковых прац, вучэбны дапаможнік па займальнаму робатаканструяванню для дзяцей), дзякуючы таму, што свята і да самазабыцця служыў любімай справе.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *