Профессилнальный конкурс «Лесоруб-2014» прошёл в Шумилинском лесхозе

Актуалии Новости

Лесаруб-2014
У аўторак у ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” прайшоў традыцыйны конкурс вальшчыкаў лесу “Лесаруб-2014”, арганізатарамі якога выступілі адміністрацыя і прафкам арганізацыі.  У конкурсе бралі ўдзел па два вальшчыкі лесу ад кожнага лясніцтва раёна. “Падобныя конкурсы садзейнічаюць прафесійнаму росту работнікаў, – дзеліцца галоўны ляснічы І. А. Трэногін. – У рабоце вальшчыкаў шмат розных нюансаў, сакрэтаў. Кожны выбірае аптымальны для сябе варыянт, і слушныя падказкі калег вельмі каштоўныя”.
Першы этап спаборніцтваў прайшоў на лесасецы Мікалаеўскага лясніцтва. Канкурсанты павінны былі спілаваць сасну. Пры ацэнцы ўлічвалася і тэхніка бяспекі, і дакладнасць прызямлення спілаванага дрэва, і якасць работы. Прычым на ўсё гэта адводзілася не больш  пяці хвілін. Цікава было назіраць за вальшчыкамі лесу падчас конкурсу. Нягледзячы на тое, што на конкурс сабраліся сапраўдныя прафесіяналы, было бачна –  мужчыны  хвалююцца. А некаторыя і зусім былі расчараваны. “Здаецца, звычайная справа. За жыццё столькі наваліў дрэў, а тут… Не ўмею працаваць, калі на цябе столькі вачэй глядзіць. Вось і памылкі прыкрыя…”
Пасля першага конкурсу адразу вызначыліся  лідары спаборніцтваў – Ігар Спірыдонаў з Мікалаеўскага  і Мікалай Юрчанка з Обальскага лясніцтваў.  Наступныя этапы “Лесароба-2014” прайшлі на тэрыторыі лясгасу ў Шуміліне.  Хваляванняў у канкурсантаў паменшала, яны ўжо гатовы былі спаборнічаць за перамогу.
Сабраць і разабраць пілу. Здаецца, нічога тут складанага. Любы вальшчык ведае сваю прыладу працы дасканала, усе справіліся з заданнем добра.
А далей этапы, якія зноў звязаны з пілаваннем: крыжаванне, адпілоўка, абрэзка сучча. «Адзін лішні рух – і ўсё. Можна сказаць, заданне праваліў», – расказвае Ігар Спірыдонаў.
Па выніках конкурсу “Лесаруб-2014” прызавая тройка наступная: першае месца – Ігар Спірыдонаў, другое – Мікалай Юрчанка, трэцяе – Павел Дзмітрыеў (Мішневіцкае лясніцтва). Пераможца і прызёры спаборніцтваў атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі. Шумілінскі лясгас на абласных спаборніцтвах будуць прадстаўляць Ігар Спірыдонаў і Мікалай Юрчанка. Дарэчы, і летась Ігар і Мікалай  абаранялі гонар нашага лясгасу на абласных спаборніцтвах.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў  №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *