Про грязь в квартире и грязь в душе

Закон Общество

Пра бруд у кватэры і бруд у душы
Юнакам і дзяўчатам у 17 год хочацца свабоды, дарослых адносінаў, яны не прызнаюць павучанняў, не прагнуць парад, бо і “самі ўсё добра ведаюць”. Гэта потым, у 25-30 будуць сумнявацца, раіцца з роднымі і сябрамі, а ў 17 – не. І іх нельга вінаваціць, бо ім, ужо не дзецям і яшчэ не дарослым, цяжка ўсвядоміць, што адзін неабдуманы крок можа перакрэсліць усе далейшыя мары. Менавіта неабдуманы.
Вось і гэтая 17-гадовая дзяўчынка, якую разам з мамай запрасілі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, апраўдваецца: “Мяне запрасілі, я пайшла…” Яна на раздарожжы. Сёння яшчэ лёгка ўсё выправіць. І той памылковы крок, і прапушчаныя заняткі ў каледжы, і гэты сорам на камісіі – усё вельмі хутка забудзецца, калі яна пойдзе працаваць, калі абдумана будзе вы-біраць, з кім сябраваць, куды ісці, што піць і ці варта наогул гэта рабіць. І лёгка можна высушыць маміны слёзы, нават без лішніх слоў, проста пастарацца самой быць шчаслівай, паспяховай, паважанай. А што маме яшчэ трэба?
Хочацца верыць, што ў гэтай дзяўчынкі так яно і будзе, таму не будзем гаварыць пра іншыя прывідныя дарогі, якія маняць такіх даверлівых дзяўчынак, што стаяць на раздарожжы.
І калі гэтую худзенькую дзяўчынку яшчэ можна зразумець (усе мы былі маладыя, і наўрад ці хто з нас, дарослых, можа пахваліцца, што ў маладосці не зрабіў ніводнай памылкі), то разбэшчанасць некаторых дарослых проста не паддаецца асэнсаванню.
Перад намі сядзіць маладая здаровая жанчына. Яна не чырванее і не апускае вочы долу, калі члены камісіі расказваюць, што ў яе кватэры бруд, антысанітарыя, гнілыя прадукты ў халадзільніку, адключаная за даўгі электрычнасць. Яна жыве ў Светласельскім, тры месяцы нідзе не працуе, не супраць выпіць і пабаляваць і ніколькі не задумваецца аб тым, чаму навучыцца ў яе дачушка.
Для такіх, як гэтая жанчына, шкада слоў і эмоцый. Да чаго ж дайшло: людзі адкладваюць свае вытворчыя справы, едуць у Светласельскі, Дабею, Каўлякі ці яшчэ куды, каб паглядзець, ці вымыла маладзіца падлогу, ці зварыла дзецям суп, ці ўспомніла наогул, што у яе ёсць дзеці…
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №51 ад 08.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *