Как нас обслуживают: проблемы сельской торговли

Общество Сельское хозяйство

То магазін закрыты, то маргарыну няма
Мужчына, які пазваніў у рэдакцыю, назваўся “дачнікам з вёскі Пісарава”. Ён крытыкаваў работу райспажыўтаварыства: у магазіне ў Дабеі няма чаго купіць, нават адсутнічаюць маргарын, алей і тлушч, недастаткова каўбасных вырабаў, у Непаротах, наогул, магазін закрыты і няма ніякай аб’явы.
Па слядах скаргі мы адправіліся ў дабейскі магазін. Сапраўды, факты адсутнасці некаторых прадуктаў пацвердзіліся: тлушчу і маргарыну ў  продажы не было. Хаця алею мы  налічылі чатыры гатункі, па пяць сартоў – каўбасы варанай і вэнджанай.
“Тлушч і маргарын запісаны ў журнал заявак, – патлумачыла загадчыца магазіна С. І. Зазыба. – Павінны прывезці на гэтым тыдні”. Мы пракантралявалі: праз два дні пасля нашага прыезду ў дабейскім магазіне з’явіліся ў продажы пяць гатункаў маргарыну і тлушч.
Па магазіну ў Непаротах такі выпадак меў месца. Як патлумачыла загадчыца магазіна Л. І. Баранава, яна была на выязным гандлі, а аб’яву павесіць забыла. У будучым выязны гандаль будзе  практыкаваць толькі ў свой выхадны дзень, паабяцала прадавец.
Працягваючы тэму гандлёвага абслугоўвання, мы пагутарылі наконт работы аўталавак  з жыхарамі вёсак Пісарава, Непароты, Маркава, Сосніна, Лялюгі. Як расказаў Г. М. Ганушчанка з Пісарава, зімой часта былі праблемы з прыездам аўталаўкі з-за нерасчышчаных дарог. “Прыходзілася хадзіць да аўтобуснага прыпынку, а гэта каля двух кіламетраў, – падлічыў Генадзь Мікалаевіч. – Але ж цяпер дарогі расчышчаны добра. І апошнія два тыдні аўталаўка працуе без збояў. Купіць там можна практычна ўсе неабходныя прадукты”.
Паскардзіліся ў рэдакцыю і наконт работы магазіна ў вёсцы Прыазёрная. “Прыехалі да нас госці, дык прыйшлося ехаць за прадуктамі ў Шуміліна, бо на дзвярах мясцовага магазіна аб’ява “Прадавец захварэла”, – разводзіць рукамі адзін з мясцовых жыхароў. – Непарадак гэта, што магазін зачынены”. За каментарыем мы звярнуліся да намесніка старшыні райспажыўтаварыства Л. С. Дзегцярэнкі. “Сапраўды, у час бальнічнага прадавец ў Прыазёрным працавала ў магазіне ўсяго тры гадзіны з 11.00 да 14.00, – патлумачыла Людміла Сяргееўна. – Не хапае кадраў, таму бываюць такія сітуацыі”.
І апошняе. Па скаргах вяскоўцаў наконт прыёму шклотары. Як патлумачылі прадаўцы вясковых магазінаў, увогуле шкляныя бутэлькі прымаюць кожны дзень. Часовыя перабоі бываюць тады, калі няма скрыняў.
“Мы ўлічым усе  прэтэнзіі пакупнікоў, – паабяцала кіраўніцтва райспажыўтаварыства. – Пастараемся арганізаваць работу так, каб такіх недахопаў і скаргаў больш не было”.
Ларыса ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №18 ад 11.03.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *