Имя повара шестого разряда Аллы Фёдоровны Балаболовой занесено на Доску почёта Шумилинского района

Актуалии Общество

“МНЕ ДОБРА ТУТ, НА БРЫКЕЦЕ”
Несамавіты будынак сталовай “Дабееўскі мох”, які не памятае свайго апошняга рамонту, напэўна, даўно б стаяў закрыты, калі б не яна – Ала Фёдараўна Балаболава.
Яна, повар шостага разраду, – тутэйшы брэнд, сваім майстэрствам заслужыла неаспрэчны аўтарытэт шумілінцаў і не толькі. Людзі ідуць сюды, ідуць менавіта да яе.  Яшчэ б, тут, “на Брыкеце”,  яна 35 год – усё працоўнае жыццё. Уявіце, як трэба любіць поварскую справу, каб кожны дзень пачынаць з баршчоў, бліноў, катлет. Але Алу Фёдараўну гэта не палохае, як і тое, што рабочы дзень у сталовай пачынаецца значна раней, чым ва ўсіх, што зімой перш чым прыступіць да гатоўкі, трэба прынесці дроў, напаліць грубкі…
Вядома, высокакваліфікаваны повар лёгка можа знайсці работу ў тым жа Віцебску ці нават адкрыць сваю справу. “Былі такія прапановы, – прызнаецца Ала Фёдараўна – але, па-першае, горад я не люблю, для мяне гэта пекла, па-другое, мне добра тут, на Брыкеце”.
На такіх, як А. Ф. Балаболава, і трымаецца грамадскае харчаванне райспажыўтаварыства. Таму яе імя сёлета – на раённай Дошцы гонару. За май, напрыклад, сталовая “Дабееўскі мох” дала 40 мільёнаў выручкі, штодзень тут бывае да сарака чалавек, плюс абеды на вываз (зараз для механізатараў “АграБаравінкі”). А ў цэнтральным універсаме, у буфеце райвыканкама часта можна пачуць: “Ці ёсць катлеты і шніцэлі ад Балаболавай?”
Праўда, вяселлі ў сталовай апошнім часам не заказваюць – інтэр’ер не падабаецца (а ўсе ж робяць відэаздымку), затое часта тут спраўляюць юбілеі, ну, і вядома, памінкі. Дарэчы, Ала Фёдараўна, расказала, што людзі зараз п’юць і ядуць менш, асабліва гарадскія. А закускі ўсё часцей заказваюць больш вытанчаныя і складаныя. Напрыклад, катлету “Кардынал”, рэцэптам якой повар дзеліцца з чытачамі “Герой працы”:
З курынага філе зрабіць адбіўныя, наверх пакласці абсмажаныя грыбы, цыбулю, моркву, цёрты сыр.  Зрабіць рулецікі. Спячы тонкія бліны, закруціць у іх рулецікі, абмакнуць ва ўзбітыя яйкі з маянэзам, пасыпаць сырам, запячы ў духоўцы.
“Прыемнага вам апетыту!” – кажа ўсім Ала Фёдараўна Балаболава.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №52 ад 11.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *