ЗДАРЭННІ. КРЫМІНАЛ

Закон Общество

ЗДАРЭННІ. КРЫМІНАЛ
Выбух
На пляцоўцы Обальскага падраздзялення УП ЖКГ, якую гаспадарка здае пад платную стаянку для вялікагрузных машын, адбыўся выбух. Гаспадар фуры папрасіў знаёмага зваршчыка адрамантаваць паліўны бак. На пляцоўцы знаходзілася трое мужчын, якія пасля зварачных работ і вырашылі праверыць якасць сваёй работы. Для гэтага налілі ў бак некалькі літраў паліва. А паколькі бак яшчэ быў гарачы пасля зваркі, пары паліва ўспыхнулі. Пацярпелі трое мужчын, якія з апёкамі рознай цяжкасці былі дастаўлены ў бальніцу. Матэрыялы  разглядаюцца ў Шумілінскім аддзеле Следчага камітэта.
Дачы
У адзін і той жа дзень у РАУС звярнуліся жыхар Шуміліна і пенсіянерка з Віцебска. Яны скардзіліся на тое, што іхнія дачы ў в. Цербяшова абрабавалі. У абодвух дамах былі выстаўлены аконныя рамы. У нашага земляка прапаў веласіпед, а ў віцяблянкі – прадукты харчавання. Па дадзенаму факту ўзбуджана крымінальная справа.
Праз некалькі дзён у міліцыю звярнуўся пенсіянер з Дабеі. У яго абрабавалі дачны дом у Пісараве. Злодзеі ўкралі металічныя вёдры, тазы, кружкі і садовы інвентар. Узбуджана крымінальная справа.
Тэлефон
Раней судзімая жыхарка Обалі знаходзілася ў свайго земляка ў гасцях. Вядома, не абышлося без спіртнога. І калі гаспадар заснуў, жанчына з кішэні курткі ўкрала мабільнік, які каштуе больш за мільён рублёў. Тэлефон канфіскаваны і вернуты пацярпеламу.
Хуткасць
Маладому чалавеку з Віцебска як вадзіцелю са стажам менш за два гады дазвалялася ездзіць на хуткасці не больш як 70 кіламетраў у гадзіну. Але калі хлопец ехаў на сваім “Фордзе” па Мікіцісе, ён перавысіў устаноўленую хуткасць на 43 кіламетры ў гадзіну. Хлопцу пагражае пазбаўленне вадзіцельскіх правоў тэрмінам на адзін год.
Кола
У аўтамабілі “Рэно-Магнум”, якім на аўтадарозе Р-20 кіраваў дырэктар аднаго з прыватных прадпрыемстваў г. Віцебска, загарэлася кола. Супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі высветлілі, што аўтамабіль і паўпрычэп да яго не прайшлі дзяржтэхагляд. Значыць, аўто ўвогуле было забаронена эксплуатаваць. Адміністрацыйны пратакол для далейшага разгляду накіраваны па месцы жыхарства парушальніка.
Нецвярозы
На аўтадарозе Гарадок-Ула-Камень супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі затрымалі жыхара раёна, які ехаў на асабістым мотаблоку ў стане алкагольнага ап’янення. Мужчыну пагражае штраф да 100 базавых велічынь і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тры гады.
Не ўступіў дарогу
На перакрыжаванні аўтадарог паміж вёскамі Купніно і Шашы адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. Жыхар Наваполацка, які ехаў на “Фольксвагене”,  знянацку выскачыў на галоўную дарогу. А там у гэты час ехаў МАЗ. Абодва аўтамабілі пашкоджаны. Людзі не пацярпелі. На жыхара Наваполацка складзены адміністрацыйны пратакол, які для далейшага разгляду адпраўлены па месцы жыхарства парушальніка. Яму пагражае штраф да 5 базавых велічынь.
Па матэрыялах РАУС падрыхтавала Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №53 ад 15.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *