Жить в Шумилинском районе хорошо, потому что…

Актуалии Край шумілінскі

Жыць на Шуміліншчыне добра, бо…
Закончыць гэтую фразу мы папрасілі шумілінцаў напярэдадні святкавання 90-гадовага юбілею Шумілінскага раёна, каб даведацца, якія перавагі жыцця менавіта тут, а не дзе-небудзь у вялікім горадзе.
Алена Скорынава, Шуміліна:
– У Шуміліне надзвычай выдатнае месцаразмяшчэнне. Хочаш, у Полацк едзь, хочаш – у Віцебск: усё побач. У прынцыпе, мне ўсё падабаецца, а ўлічваючы той факт, што наша сям’я пабудавала тут дом, то нікуды мы адсюль ужо не зрушым.  Ды і не хочам.
Уладзімір Сядлоўскі, Обаль:
– Раз жыву тут, значыць, падабаецца. Я ж не мясцовы: прыехаў на Шуміліншчыну ўслед за жонкай і ні разу аб гэтым не пашкадаваў. Обаль – спакойнае месца, дзе, з аднаго боку, ёсць усе ўмовы для камфортнага жыцця, а з другога – да “цывілізацыі” – рукой падаць. Праўда, сённяшні пасёлак Обаль – крыху самотны, няма той бурлівасці, размаху жыцця, якія былі раней.
Аляксандр, аграгарадок Слабада:
– Лясы і азёры – вось галоўныя перавагі жыцця ў нашым раёне і, у прыватнасці, у Слабадзе. У лесе мне кожная сцежка з дзяцінства знаёмая, ведаю грыбныя, ягадныя мясціны, на якім возеры і ў які час бывае найлепшы клёў. Наўрад ці  магу ўявіць сваё жыццё без усяго гэтага.
Анастасія Быкава, Шуміліна:
– У Шуміліна мы пераехалі ўсяго год назад з Лепеля. Мне вельмі падабаецца, што тут усё побач: школа, дзіцячы сад, магазіны. Не трэба ездзіць на аўтобусе, можна ўсюды паспець і так. Карацей, такі маленькі ўтульны гарадок: што можа быць лепш.  Для мяне, як для маці траіх дзяцей, гэта вельмі важна, як і тое, што тут спакойнае жыццё, можна не хвалявацца за дзетак.
Святлана Вярцінская, Сянно:
– У Шуміліне мне падабаецца ўсё. Ва ўсялякім разе, калі параўноўваць з Сянно. Вельмі важна, асабліва для такіх падарожніц, як я, што тут наладжана выдатная транспартная сувязь са светам. На Шуміліншчыне жывуць добрыя людзі, працуюць надзвычай спагад-лівыя, кампетэнтныя медыцынскія работнікі. За тыя некалькі год, што я пражыла ў Шуміліне, у мяне з’явілася шмат сяброў.
Таццяна, аграгарадок Светласельскі:
– Мне здаецца, што менавіта ў такіх маленькіх мястэчках, як наша, ёсць самыя выдатныя ўмовы для выхавання дзяцей. Тут спакойна, тут усё навідавоку. У той жа час дзеці могуць  наведваць і музычную школу, і спартыўныя секцыі, і іншыя аб’яднанні па інтарэсах.
Калі абагуліць, то большасць нашых рэспандэнтаў вылучылі надзвычай зручнае геаграфічнае размяшчэнне раёна, яго прыродныя багацці і прыгажосць, спакой і размеранасць жыцця.
Размаўляла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №53 ад 15.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *