«Добрыя людзі жывуць у Беларусі»

Актуалии Духоўнае Общество

«Добрыя людзі жывуць у Беларусі»
Працягваецца перапіска паміж нашай зямлячкай Любоўю Міхайлаўнай Дземінёвай і Юрыем Яфімавічам Дзіхцярэнкам, першым намеснікам старшыні савета ветэранаў Уманьскага раёна, што ў Чаркаскай вобласці. Спыніць гэтае міжнароднае сяброўства не пад сілу ні палітычным узрушэнням, якія перажывае зараз Украіна, ні сотням кіламетраў, якія раздзяляюць паміж сабой адрасатаў. Кожны тыдзень нясуць паштальёны лісты на адрас нашай пастаяннай чытачкі, а яна не стамляецца адказваць, тым самым зноў і зноў пацвярджаючы думку, што менавіта такія ўзаеміны, шчырыя, сапраўдныя, – і ёсць самыя надзейныя масты паміж народамі.
Юрый Яфімавіч на пасяджэнні прэзідыума савета ветэранаў зачытаў віншаванне са святам Перамогі ад сваёй беларускай сяброўкі, паказаў дасланыя ёй фотаздымкі. Неяк само сабой атрымалася, што ўсе сталі ўспамінаць, хто і як быў звязаны з нашай краінай, якія ўражанні засталіся ў памяці пасля сустрэчы з беларусамі, пасля наведвання краіны-суседкі.
«… Якія акуратныя там калодзежы, і каля кожнага – з цікавай разьбой коўшык. Вада чыстая-чыстая, як сляза, і халодная – аж зубы ломіць. Такая смачная вада можа быць толькі ў Беларусі.»
«… Былі ваенныя вучэнні. Стаяла спякотнае лета. У адзін з такіх дзён мы вярталіся дадому, стомленыя спякотай і смагай.  І раптам на лузе сустрэлі прыветную пажылую жанчыну. Пакуль мы адпачывалі пад дрэвам, яна падаіла карову і ўсё малако аддала нам, бязвусым салдатам. Ну, хіба можна забыць такое, гэта засталося ў памяці на ўсё жыццё. Добрыя, спагадлівыя людзі жывуць у той краіне, адкуль прыйшло да нас віншаванне.»
«…Служыў тэрміновую ваенную службу ў Беларусі і помню  гасціннасць і дабрыню мясцовых жыхароў. Мы былі маладыя салдаты і, вядома, сустракаліся з беларускімі дзяўчатамі. Не было выпадку, каб нехта некага пакрыўдзіў. Час бавілі весела. На ўсё жыццё запомніліся беларускія дзяўчаты.»
«…Успомніў, як ездзіў разам са студэнтамі медыцынскага вучылішча на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць. Нас усюды вельмі гасцінна сустракалі. Памятаю, ва ўнівермагу на здачу нам далі латарэйны білет, але даведаўшыся, што мы з Украіны, папрасілі прабачэння і нават падарылі сувеніры.»
Надзвычай прыемна ўсведамляць, што ў суседняй краіне так думаюць пра беларусаў, так успрымаюць нас і нашу дзяржаву. І гэты, здавалася б, прыватны прыклад яскрава пацвярджае той факт, што мы, кожны паасобку і ўсе разам, у адказе за  імідж краіны. Таму што аўтарытэт не стварае нехта высокапастаўлены спецыяльна, штучна, яго ствараем кожны дзень мы самі, і ён – у дробязях.
Лісты чытала Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *