А БАЦЬКА ХТО?

Общество Семья

А БАЦЬКА ХТО?
Маладая мама, усміхаючыся сонцу і свайму маленькаму сонейку ў дзіцячай калясцы, паправіла рамень сумачкі на плячы і ўзяла накірунак да парка. Суседкі паглядзелі ўслед і ў каторы ўжо раз пачалі гадаць: хто ж бацька малой?
А яе не турбавалі суседскія перасуды, яна ведала праўду пра сябе, пра сваё каханне да чужога мужа. Ведаў і ён, што ягонай пазашлюбнай дачушцы хутка споўніцца годзік…
А калі яна не ведае, хто бацька? Як, напрыклад, тая студэнтачка. Ну, здарылася так: здалі сесію, паехалі да знаёмага на дачу, весяліліся, выпівалі. Як атрымалася, што той ноччу яна была і са Славікам, і з Сярожам, назаўтра яна не магла і сама зразумець. Калі ж нарадзіўся Ванечка, у графе “прозвішча па бацьку” яна напісала Сяргеевіч, хаця Сяргей усім сваім выглядам і паводзінамі дэманстраваў, што ён не мае ніякага дачынення да такой лёсавызначальнай для яе падзеі. Затое Славік хадзіў неадступна следам, упэўнены, што ён з’яўляецца бацькам хлопчыка, гатовы даць Ванечку сваё прозвішча і сваю любоў.
Ці было і так. Жонка “застукала” мужа з палюбоўніцай, падала на развод, перажывала, вядома ж. І вось едзе яна ўся расстроеная ў дызелі, а тут падсаджваецца ён, Валодзя, яе першае каханне. І накрыла абодвух хваля ўспамінаў, хваля недагарэлай страсці. Тыдзень праляцеў як адно імгненне, потым ён з’ехаў у свой Піцер, дзе даўно жыве з сям’ёй, а бацькам дзіцяці, якое ў належны час з’явілася на свет, запісалі яе былога мужа. Так па законе паложана: калі не прайшло 10 месяцаў з моманту разводу…
Ды ці мала як яшчэ бывае. Жыццё складанае, і такіх галівудскіх сюжэтаў кожны згадае нямала. Хто ж дапаможа разабрацца ў такіх заблытаных пытаннях і ўстанавіць ісціну?
Як паказвае жыццё, вялікія спадзяванні людзі ўскладваюць на дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. З гэтай вясны такі камітэт і ў Віцебскай вобласці праводзіць генетычныя экспертызы па ўстанаўленні спрэчнага бацькоўства ці біялагічнай роднасці. І хоць кошт такой экспертызы вагаецца ад паўтара да двух з паловай мільёнаў, тут чарга.
Хаця бабулям, якія сядзяць на лавачцы, ад гэтай эспертызы не лягчэй, іх ніхто не будзе знаёміць з вынікамі даследаванняў, таму яны будуць цярпліва чакаць, пакуль дзіця падрасце, каб паглядзець: на каго ж падобнае?..
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №57 ад 29.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *