Не ўбачыць ён яе дасвеццем…

Духоўнае

Не ўбачыць ён яе дасвеццем…
У Міхася сёння на сэрцы ляжала маркота. Але маркота нейкая, так бы мовіць, светлая.  Нібы тая крынічка – са звонкім буркатлівым і тоненькім плёскатам вады, нават яе клёкатам. Як у бусла, які прыляцеў надоечы ў сваё гняздоўе. А ён хоча вылецець са свайго…
Але чаму абавязкова вылецець? І хто яго чакае ў чужой старане? Ды не аднаго, з жанчынай. Маладой і гарачай, як кіпень. Смелай і прыгожай, як наяда. Прывабнай і прыцягальнай, як Афрадыта.
Але жанчыны чужой. Не будзе ў іх шчасця. Не ўбачыць яму яе дасвеццем, свежую, ціхую, як дзіця, у адной начной кашулі. Кашулі такой празрыстай і зманлівай, што, здаецца, дакранешся, губамі ці рукою да яе  і адчуеш апёк – салодкі, палонячы, райскі. І табе ўжо нічога не трэба будзе, ты паляціш на работу, як на крылах. Паляціш з думкай, што яна з табой. На ўсё жыццё.
Паляціць Міхась і будзе вяртацца дамоў з той жа думкай, што яна ўжо чакае яго, шчаслівая тварам, шчаслівая, што яна кахае яго, а ён – яе, што наперадзе будзе цэлая ноч – іхняя ноч, ноч кахання і ўцех.
Для Наталі грошы, дабрабыт – на першым месцы, духоўнае – далей, толькі пасля матэрыяльнага. “Я матэрыялістка”, – смяецца, і ў гэтых словах сутнасць Наталі – прагматычнай, адамашненай жанчыны, словам, дзіцяці сваёй эпохі, свайго пакалення. У ёй мала рамантыкі, мала, калі хочаце, авантурызму. Усё “замешана” на мітусяніне, на абывацельшчыне, на тым, што, па-мойму, павінна было прыйсці, калі чалавеку пад шэсцьдзесят. А тут маладая…
Міхась разумее жаночае ў Наталі, ён бачыць, якая яна жаноцкая, ведае, што жанчына хоча кожны дзень быць непаўторнай і цікавай. Каб падабацца мужчынам. І гэта для яе важна. Можа, нават важней, чым прачытаная ў адзіноце кніга, чым прачулыя вершы Ахматавай. А ён трызніў, каб яна была іншай, не такой асучасненай…
Да яго прыйшло другое каханне. Першае было ў школе, і вось праз многа гадоў сэрца параніла яшчэ адно. Можа, больш кахання ў яго не будзе, і трэба гэтае, другое, шанаваць як зрэнку вока.  Не давядзі Бог параніць чым-небудзь Наталі, дарагога і любага ёй чалавека. А ён не раз раніў: то поглядам, то злым і няласкавым словам. Шэльма!..
Ці застанецца другое каханне, сённяшняе, такім жа даўгавечным, як і першае? Тое, якое прабілася ў сэрцы ў юначыя шаснаццаць.
Міхась чамусьці быў упэўнены, што застанецца. Больш таго, тая аднакласніца, такая ж хударлявая, як і Наталі, але з далёкага зараз, вучнёўскага жыцця, аддалілася ад яго, змеркла, стала, нібы ў смузе ружовага туману, а Наталі застаецца свежай, маладой і блізкай.
“Адпусці, калі кахаеш…”
Ноччу Міхасю прыснілася, што ён чуе яе голас, што ўзмалілася ягоная Наталі:
– Адпусці, калі кахаеш…
Ён адпускае. Ён не можа яе не адпусціць. У імя таго, кім яна для яго засталася  – дарагім і такім блізкім чалавекам.
Яна аддалілася, яна не яго, яна чужая. Не дамогся ён ад яе ўзаемнасці. “Кто хотел взаимности добиться, перебрали тысячи причин. Просто одинокая волчица ищет своего среди мужчин”.
Яна – ваўчыца. Але была ваўчыцай, пакуль не знайшла свайго мужчыну. Даўно знайшла, і зараз было б верхам нахабства і няўдзячнасці перашкодзіць яе шчасцю.
Яна адпрэчыла, не прыняла Міхасёва  каханне, ягоныя шчырыя пачуцці, ягоны боль. Калі ж яна зблудзіць з іншым мужчынам, знойдзе сабе іншага палюбоўніка, ён назаўсёды вырве яе з сэрца.
Ён пракляне яе, як самую брудную грэшніцу. Такую здраду ён не даруе ёй ніколі, і тыя два гады, калі яны зналіся, будуць назаўсёды выкраслены з ягонага жыцця (шкада, што Бог ці хто там адмераў такі кароткі чалавечы век).
Між тым ад гэтых стасункаў, гэтых узаемін засталіся кранальныя ўспаміны і радкі. Сотні радкоў, апаленых крыламі кахання. Пакутнага і безнадзейнага. Бурлівага і дакучлівага. Кахання засмяглага, як былінка, як кветка, якую пакінулі без вільгаці. Як  усё жывое…
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў №57 ад 29.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *