На полях УП “Шумилинский райагросервис” Шумилинского района работы ведутся в комплексе

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

“Без кандыцыянераў было б як у лазні”
Залатыя каласы ва ўрочышчы Залессе УП “Шумілінскі райаграсэрвіс” хіляцца долу. Налітыя, цяжкія, яны так і просяцца ў бункеры камбайнаў. І зернеўборачная тэхніка вось ужо тыдзень працуе на палетках. Учора, 28 ліпеня, калі карэспандэнт раённай газеты пабывала на жніўным полі, тут з самай раніцы кіпела работа.
Пад’язджаем да камбайна Міхаіла і Мікалая Кахтэнкаў. Да наступных хлебаробаў – Яўгена Броўкіна і Віталя Каропы – з паўкіламетра. “Не будзем губляць час, пад’едзем на камбайне, заадно паглядзіце, як убіраецца хлеб”, – прапаноўвае Міхаіл Кахтэнка.
І мы едзем. Дакладней, плывём па пшанічнаму полю. На вялікай хуткасці нельга – губляецца ўраджай, тлумачыць камбайнер. Жняярка спрытна захоплівае і абмалочвае спелае калоссе. У той дзень Кахтэнкі збіралі-ся намалаціць дзесяць бункераў – гэта больш за пяцьдзясят тон пшаніцы.
Малады камбайнер Мікалай  сочыць за якасцю абмалоту, за работай сістэмы. Калі што не так – б’е трывогу, паведамляе бацьку аб няспраўнасці.
Кожны камбайн камп’ютарызаваны. На маніторы – лініі і лічбы. Гэта абароты рухавіка, тэмпература, страты зерня…
Прызнацца, думала, што ў кабінах камбайнаў вельмі спякотна. Аказалася, камфортна. Гэта дзякуючы кандыцыянерам, якія ўстаноўлены ў кожным КЗСе.
“Без кандыцыянераў было б як у лазні,  – усміхаюцца камбайнеры Яўген Броўкін і Віталь Краўчанка. – У такую спякоту толькі яны і выручаюць».
На думку механізатараў, са жнівом у гэтым годзе пакуль што шанцуе: ураджай у параўнанні з мінулым годам неблагі, сямі камбайнаў, што працуюць на палетках, хапае. А галоўнае, нябёсы даравалі надвор’е – зерне сухое, такое і ўбіраць любата.
Камбайны адразу здрабняюць салому, і яна роўнымі радкамі рассыпаецца па полю. «Затым пойдуць трактары з плугамі, салома заарэцца, перагніе, будзе ўгнаенне», – тлумачаць Міхаіл Каропа і Іван Данілаў, якія працуюць на адным камбайне.
Дарэчы, у райаграсэрвісе работы на палетках вядуцца ў комплексе. З урочышча Сахоненкі з’ехалі камбайны, і адразу на поле прыспелі трактары з плугамі. У першай дэкадзе жніўня стартуе сяўба азімых крыжакветных. А азімая пшаніца, на думку аграномаў, лепшы для іх папярэднік.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №57 ад 29.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *