К теме о выброшенных котятах

Духоўнае Общество

Белыя і пушыстыя
Не стану крывіць душой і прыпісваць сабе нейкую асабліва трапяткую любоў да братоў нашых меншых. Я не падкормліваю бяздомных жывёл, раўнадушна праходжу міма ўсялякіх там пацукоў і хамякоў, а сабакі, што свабодна бегаюць па вуліцах, мяне наогул напружваюць. Але ж…
Закінутая тэрыторыя. Магчыма, тут некалі была ферма, але цяпер – толькі напаўразбураныя сцены і быльнёг. І знайшлі мы   двух маленькіх кацянят. Яны выявілі сябе не адразу. Насустрач выбегла адно, мусіць, смялейшае, калі мы ўжо збіраліся ад’язджаць. У зарасніках лебяды хавалася яшчэ адно кацянё – настолькі пужлівае, што трэба было пастарацца, каб дастаць яго з яго сціплага прытулку.
Не трэба вялікага розуму, каб здагадацца, што кацянят туды прывезлі паміраць. Прычым надзейна, не пакінуўшы ім шанцу трапіцца на вочы добрым людзям, нераўнадушным, гатовым іх даглядаць. На выгляд ім месяцы па два – якраз той перыяд, калі людзі, нацешыўшыся імі і напесціўшыся, гатовы адмовіцца ад далейшага клопату пра жывёлін.
Што рабіць у такой сітуацыі: пакінуць кацянят на верную смерць, забраць сабе, узяць на сябе клопат па іх уладкаванні? Складанае пытанне. Мы ўсё ж не змаглі пакінуць іх там, давезлі да бліжэйшай вёскі. Гэта, канешне, не самае лепшае выйсце, але ў бедных кацянят з’явілася хаця б нейкая надзея на жыццё. Гэтыя прыгожыя беласнежныя пушыстыя істоты могуць прынесці радасць у сям’ю, прыхарашыць нечае існаванне.
Людзі, калі ваша кошка кацянілася, а ў вас не хапіла смеласці пазбавіцца ад кацянят адразу, ведайце: абавязкова знойдзецца той, хто захоча ўзяць ваша кацяняці ў сваю сям’ю. Гавару аўтарытэтна, бо наша ўласная кошка даволі рэгулярна падкідвае нам патомства, дагадаваўшы якое да пэўнага ўзросту, мы не маем ніякіх праблем з іх уладкаваннем. Даем абвестку ў нашу газету – жадаючых хоць адбаўляй. І гэта пры тым, што кошка ў нас, хоць і вельмі высакародных паводзінаў, але самая звычайная, беспародная. Трэба ўсяго толькі патраціць крыху часу – і вашае сумленне будзе чыстым.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *