Чаму гараць лазні?

Безопасность Общество

Чаму  гараць  лазні?
На дачах, загарадных участках многія будуюць лазні. У кожнай прымяняецца для абагравання печка, як правіла, дрывяная ці электрычная. А любы награвальны прыбор вялікай магутнасці па сваёй сутнасці з’яўляецца пажаранебяспечным аб’ектам. Кожная парылка ў гэтым выпадку становіцца аб’ектам павышанай пажарнай небяспекі. Таму варта абавязкова прытрымлівацца вызначаных правіл, невыкананне якіх можа прывесці да вельмі трагічных наступстваў.
З пачатку года на тэрыторыі Шумілінскага раёна адбыліся тры пажары з-за парушэнняў правілаў эксплуатацыі печак, цеплагенерыруючых агрэгатаў і ўстройстваў у лазнях.
Прычынай пажараў у лазні часта становяцца трэшчыны, як у самой печцы, так і ў дымаходах, і сажа, якая накапілася ў іх. Таму вельмі важна сачыць за спраўнасцю печак і дымаходаў. Драўляныя ці іншыя лёгказагаральныя  прадметы павінны знаходзіцца на дастатковай адлегласці ад гарачых частак печкі і дымаходаў ці быць добра ізаляванымі.
Паколькі сажа і прадукты згарання маюць якасць накоплівацца ў зольніках і дымавых праходах, неабходна рэгулярна праводзіць чыстку печкі, своечасова ўхіляць дэфекты. Акрамя таго, у пагоне за добрай парай не дапускайце перапальвання печкі – менавіта гэта становіцца яшчэ адной распаўсюджанай прычынай пажару ў лазні.
Перад распальваннем печкі абавязкова правярайце наяўнасць цягі. Калі цягі няма, дымаход праграваюць шляхам спальвання невялікай колькасці дроў. Калі і пасля гэтага яна не з’явілася, трэба прачысціць усе дымавыя каналы печкі. Пры эксплуатацыі лазні трэба сачыць за тым, каб вугалькі не вываліліся з топкі, а ідучы з лазні, варта пераканацца, што ўсё паліва згарэла.
Бываюць выпадкі, калі людзі проста забываюць пра тое, што лазня паліцца. А часам недагляд можа прывесці да пажару. Так што сачыць за прапальваннем печкі трэба пастаянна.
Часта прычынай пажару становіцца пашкоджаная ці няправільна зробленая электраправодка. Так што да мантажу праводкі, асабліва калі ў вас электрычная лазневая печка, варта адносіцца вельмі сур’ёзна. Неабходна прадугледзець натуральную прыточна-выцяжную вентыляцыю.
Нельга забываць і пра элементарныя рэчы: у лазні забараняецца курыць, піць спіртное, сушыць над печкай адзенне, пакідаць яе без нагляду.
Пажарная бяспека лазні практычна поўнасцю ляжыць на плячах гаспадароў. І адрамантаваць печку намнога дзешавей, чым ліквідаваць наступствы пажару!
Вадзім ПІВАВАРАЎ,
інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС.
Надрукавана ў №68 ад 30.08.2019 г.