15 февраля в Шумилино прошли мероприятия ко Дню памяти воинов-интернационалистов

Главное Общество

Афганістан: мужнасць і смутак

15 лютага ў Шуміліне прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Усё далей адыходзяць у гісторыю афганскія падзеі, але іх удзельнікі, якія хлопцамі прайшлі Афганістан, і сёння памятаюць кожны дзень, праведзены ў гэтай далёкай краіне.

Пачаліся ўрачыстыя мерапрыемствы каля мемарыяльнай дошкі воіну-інтэрнацыяналісту Віктару Угнявёнку. Тут сабраліся прадстаўнікі грамадскасці, педагогі і вучні Шумілінскай СШ №2. Старшыня раённай арганізацыі  «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Мікалай Шчарбіцкі нагадаў пра падзеі ў Афганістане. «У нашым раёне 53 воіны-інтэрнацыяналісты, – адзначыў Мікалай Вячаслававіч. – Ад імя раённай арганізацыі кожнаму з іх хачу пажадаць моцнага здароўя, мірнага неба і дабрабыту». Актывісты раённай арганізацыі  «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» выступілі з прапановай адкрыць у Кардонскай школе мемарыяльную дошку маёру Анатолю Скобаву – нашаму земляку, які загінуў у Афганістане.
Мітынг прайшоў у гарадскім парку ў Шуміліне каля памятнага знака воінам-інтэрнацыяналіс-там. У ім бралі ўдзел старшыня райвыканкама В. С. Гутараў, старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна, вучні Шумілінскай СШ №1. Удзельнікі мітынгу  ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Каля 800 беларусаў загінула на афганскай зямлі, з іх 109 – з Віцебшчыны. Не вярнуліся на радзіму і чацвёра нашых землякоў – Анатоль Скобаў, Віктар Угнявёнак, Пётр Чуркін і Іван Сакалоў.
Старшыня райвыканкама Віктар Гутараў падкрэсліў, што вайна ў Афганістане была сапраўднай школай мужнасці для нашых салдат, і гонар за подзвігі, гераізм воінаў неаддзельныя ад светлай памяці пра тых, хто не вярнуўся з баявых дзеянняў. «У афганскіх падзеях бралі ўдзел каля 5 тысяч ураджэнцаў Віцебскай вобласці, – падкрэсліў Віктар Сяргеевіч. – Кожны з іх годна выканаў загад, які аддала Радзіма. Яны сталі прыкладам патрыятызму, інтэрнацыяналізму, адданасці вайсковаму абавязку».
У Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла тэматычная сустрэча «Афганскі альбом». Да воінаў-інтэрнацыяналістаў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Мерапрыемства атрымалася  насычаным і прадуманым. Словы вядучых – запамінальныя і ўражваючыя – нібы вярталі воінаў-інтэрнацыяналістаў у іх баявую маладосць, удала былі падабраны відэарад і музычныя кампазіцыі. 31 год мінуў з дня вываду савецкіх войск з Афганістана, але з гадамі афганскі боль не суціхае…
На сустрэчы некаторым прадстаўнікам раённай арганізацыі  «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» за актыўную грамадзянскую пазіцыю былі ўручаны падзячныя лісты.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Апублікавана ў №13 ад 18.02.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *