На першым плане жніво і пажарная бяспека

Актуалии Официально Президент

На першым плане жніво і пажарная бяспека
У гаспадарках раёна свайго экватару дасягнула жніво. Гарачая пара – у прамым і пераносным сэнсе, бо спякотнае надвор’е ідзе на чарговыя кліматычныя рэкорды. Старшыня райвыканкама У. П. Куранны, які праводзіў нараду, заўважыў, што пажарная бяспека ў такіх умовах выходзіць на першы план. Трэба навесці жорсткую дысцыпліну на мехдварах, зернетаках, на палях, дзе ідзе ўборка – курэнне, адкрыты агонь павінны быць тут пад забаронай. Бо ўжо ёсць прыклады, калі ад кінутай цыгарэты, запалкі загараецца сухая трава ці ржышча.
Уборка павінна ісці арганізавана і завяршыцца ва ўстаноўленыя тэрміны, нагадаў Уладзімір Пятровіч. На бягучым тыдні таксама трэба завяршыць продаж збожжа па дзяржзаказу – пакуль не ўсе гаспадаркі раёна пачалі гэту работу.
Паступова неабходна разгортваць работу па ўборцы зерня на прысядзібных участках жыхароў раёна. А гэта 1150 участкаў агульнай плошчай 287 га. Гаспадаркам раёна рэкамендавана ўстанавіць цану за работу камбайнаў у 5,5 тысячы рублёў за 1 сотку.
За жнівом не варта забывацца і на іншыя сельскагаспадарчыя работы: уборку насення шматгадовых траў, падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых культур, нарыхтоўку кармоў. Не засталіся па-за ўвагай кіраўніка раёна і пытанні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, узнаўлення малочнага статку.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В. В. Мядзвецкі паведаміў, што пры некаторым росце агульнай колькасці злачынстваў за 7 месяцаў бягучага года ў параўнанні з мінулым годам назіраецца зніжэнне колькасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, зніжаецца падлеткавая і рэцыдыўная злачыннасць. Начальнік РАУС заўважыў, што часта правакуюць крадзяжы самі грамадзяне, пакідаючы на вуліцы без нагляду веласіпеды і іншыя асабістыя рэчы.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч паведаміў пра сітуацыю з пажарамі: у рэспубліцы ёсць выпадкі загарання лясоў і тарфянікаў, пажараў на вытворчых аб’ектах. Ён заклікаў кіраўнікоў трымаць сітуацыю на кантролі і адразу ж паведамляць у РАНС, каб пажар можна было патушыць у пачатку. Яшчэ раз было нагадана, што ў раёне забаронена наведванне лясоў і балот, парушальнікам пагражае сур’ёзная адміністрацыйная адказнасць.
В. а. начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. М. Саковіч паведаміў, што на бягучым тыдні пачынаецца прыёмка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.
На нарадзе разгледжаны і іншыя пытанні жыццядзейнасці раёна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *