Асцярожна – вострыя кішэчныя інфекцыі!

Здоровье Общество

Асцярожна – вострыя кішэчныя інфекцыі!
У дарозе і на адпачынку цяжэй захоўваць у поўнай меры ўсе правілы гігіены. Гэта садзейнічае росту колькасці вострых кішэчных інфекцый (ВКІ). У спякотны час ствараюцца добрыя ўмовы для захавання і размнажэння ўзбуджальнікаў кішэчных інфекцый у навакольным асяроддзі, харчовых прадуктах, вадзе, на сталовым і кухонным посудзе, прадметах дамашняга карыстання.
У гэты час года ўзрастае верагоднасць групавога захворвання людзей, асабліва пры доўгім або няправільным захоўванні і ўжыванні скорапсавальных прадуктаў. Акрамя таго, ужыванне вялікай колькасці вадкасці вядзе да зніжэння канцэнтрацыі салянай кіслаты ў страўніку, якая з’яўляецца натуральным хімічным ахоўным бар’ерам ад хваробатворных мікраарганізмаў.
Асноўныя сімптомы ВКІ: боль у жываце, млоснасць, рвота, вадкі стул, павышэнне тэмпературы цела, зніжэнне апетыту. Пры своечасовым звароце да ўрача і адпаведным лячэнні гэтыя сімптомы хутка праходзяць.
Прафілактыка вострых кішэчных інфекцый – гэта справа не толькі медыцынскіх работнікаў. Многае залежыць і ад паводзінаў кожнага з вас.
Каб не заразіцца ВКІ, неабходна кожны дзень захоўваць простыя санітарна-гігіенічныя правілы: абавязкова мыйце рукі з мылам кожны раз перад ежай і пасля наведвання туалета; не піце сырую ваду; садавіну, ягады і гародніну абавязкова мыйце перад ужываннем, пажадана кіпячонай вадой, калі яны прызначаны для маленькіх дзетак; строга захоўвайце правілы гігіены пры прыгатаванні гарачых і халодных страў, захоўвайце тэрміны і ўмовы іх захоўвання; прадукты, якія не падвяргаюцца тэрмічнай апрацоўцы, неабходна насіць і захоўваць асобна; не ўтойвайце факта кішэчнага расстройства ад медыцынскіх работнікаў; своечасова выносьце ва ўстаноўленыя месцы бытавыя адыходы, вядзіце барацьбу з мухамі. Пастаянна падтрымлівайце чысціню ў кватэрах, пад’ездах, на гульнявых пляцоўках і прысядзібных участках; вучыце маленькіх дзетак навыкам асабістай гігіены, вядзіце тлумачальную работу па прафілактыцы ВКІ сярод падлеткаў, асабліва ў летні час на адпачынку.
Н. КАЗЛОВА, памочнік эпідэміёлага ДУ “Шумілінскі РЦГЭ”.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *