Пайшла ў ягады і не вярнулася

Безопасность Общество

Пайшла ў ягады і не вярнулася
У лесе прапала 78-гадовая жанчына. Яна 24 ліпеня гэтага года прыехала з Віцебска ў Обаль, а адтуль накіравалася ў ягады на Обальскае балота. У той жа дзень вечарам пенсіянерка патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што згубілася ў лесе і не ведае, у які бок ісці.
На пошукі жанчыны выехалі работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і міліцыянеры. Вадзіцелі сігналілі, міргалі фарамі. “І ўвесь час трымалі сувязь з прапаўшай па мабільным тэлефоне, – расказаў старшы оперупаўнаважаны групы пошукавай работы аддзялення крымінальнага вышуку Дзмітрый Касцюк. – Жанчына сказала, што яна ўжо блізка каля дарогі: чуе  трывожныя сігналы і бачыць мігалкі машын. Падзякавала па тэлефоне нам за дапамогу, але выходзіць з лесу наадрэз адмовілася. Маўляў,  яшчэ з гадзіну пазбірае ягад”.
Але і позна вечарам жанчына з лесу не выйшла. Не з’явілася яна дома і на наступны дзень. Мабільны тэлефон маўчаў.  Родныя забілі трывогу. Каб прачасаць лес, на Обальскае балота накіраваліся міліцыянеры, выратавальнікі, леснікі. З Віцебска былі выкліканы салдаты. Больш за сто чалавек шукалі пенсіянерку ў лесе. Але пошукі не далі выніку. І па сённяшні дзень невядома, дзе знаходзіцца жанчына.
“Лес вельмі небяспечны, асабліва калі там не ўмееш арыентавацца, – працягвае Д. Касцюк. – Тры гады таму ў гэтым жа лесе за мястэчкам Обаль таксама прапала жанчына. Знайшлі толькі вядро і куртку. Таму адным за ягадамі і грыбамі лепш увогуле не хадзіць. Асабліва гэта тычыцца пенсіянераў. А ў такую спякоту можа стаць дрэнна не толькі ім, але і маладым. Вядома, хочацца набраць поўныя вёдры ягад, але ж самае галоўнае – здаровымі вярнуцца дадому. У лес абавязкова трэба браць з сабой ваду і ежу, запалкі і тэлефон. А яшчэ лепш – компас ці навігатар”.
Што рабіць, калі заблудзіўся ў лесе? “Галоўнае – не панікаваць, –  кажа намеснік начальніка РАНС В. В. Шархун. – Трэба агледзіцца, перавесці дух і патэлефанаваць 101. Важна справіцца са сваімі эмоцыямі, не паддацца страху ад цемры, начнога холаду і дзікіх звяроў. Мы заўсёды вучым арыентавацца па сонцу. А яшчэ ёсць і прыродныя арыенціры: напрыклад, з паўднёвага боку кара дрэў больш гладкая і светлая. Мох і лішайнікі на камянях укажуць на поўнач. Можна арыентавацца на электраправадах, калі такія знойдзеце – інжынерныя збудаванні абавязкова прывядуць да цывілізацыі.  Трэба ведаць, што цягнік у лесе можна пачуць на адлегласці дзесяці кіламетраў, сабачы брэх – за тры км, грузавую машыну – за адзін кіламетр”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *