В Шумилино прошел конкурс молодых строителей

Молодёжь Экономика

Спаборнічаюць тынкоўшчыкі і муляры
Напярэдадні прафесійнага свята на новым кааператыўным доме, што будуецца ў Шуміліне, прайшоў традыцыйны конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых будаўнікоў. Арганізатарамі выступілі аддзел па ідэалагічнай рабоце, культуры  і справах моладзі райвыканкама, райкам ГА БРСМ, адміністрацыя і прафкам ПМК-70.
У першы дзень спаборнічалі тынкоўшчыкі. “У конкурсе прымаюць удзел як тыя, што зусім нядаўна ў нашай брыгадзе, – расказвае брыгадзір брыгады аддзелачнікаў Антаніна Дарожкіна, – так і вопытныя, нягледзячы на ўзрост”. За перамогу змагаліся чатыры хлопцы і дзве дзяўчыны.  Першы этап – практычны. Трэба сказаць, што канкурсанты з тынкоўкай сцяны справіліся добра. Было бачна, што гэта іх работа, якую яны ведаюць і любяць. За адведзены час справіліся з ладнымі аб’ёмамі.
А вось з тэарэтычным конкурсам – больш складана. Не так проста даваліся адказы на пытанні. Дарэчы, менавіта другі этап  і паўплываў на размеркаванне выніковых месцаў. Лепшы вынік у Алега Талібава, другое месца – у Леаніда Братава, трэцяе месца падзялілі паміж сабой Дзяніс Мартынаў і Пётр Уздзямір.
На другі дзень спаборнічалі муляры. Праграма іх спаборніцтваў таксама складалася з дзвюх частак – практычнай і тэарэтычнай. Менавіта пасля практыкі вызначылася тройка лідараў – Сяргей Салдаценкаў, Аляксандр Багданаў і Аляксандр Усцінаў. І разрыў у балах паміж імі быў мінімальны. А вось да тэорыі хлопцы падышлі творча. “Разам працуем, разам і адказваем”, – у адзін голас заявілі муляры. Так што на другім этапе яны атрымалі аднолькавую колькасць балаў, і, такім  чынам, пераможца вызначыўся па практычным конкурсе. Ім стаў Сяргей Салдаценкаў. Аляксандр Багданаў і Аляксандр Усцінаў занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *