Учебные заведения Шумилинского района держат экзамен на готовность к новому учебному году

Актуалии Образование Общество

ЖНІВЕНЬ. ШКОЛЫ І САДКІ ПАХНУЦЬ ФАРБАЙ
Падрыхтаваць навучальную ўстанову да 1 верасня – гэта сур’ёзнае выпрабаванне для педкалектыву.  Добра, калі хапае сіл, часу і грошай, але такое бывае хіба што ў казцы. На справе ж па ўсіх трох накірунках літаральна паўсюдна адчуваецца напружанне. Між тым, новы навучальны год гэта мала хвалюе, ён нікога не будзе чакаць, а ўвойдзе ў кожны клас роўна 1 верасня. Таму камбайны спяшаюцца хутчэй убраць хлеб з палёў, дарослыя буслы ставяць на крыло сваю цыбатую моладзь, бацькі купляюць дзецям новыя касцюмы і дзённікі, а  навучальныя ўстановы выходзяць на гатоўнасць нумар адзін.
Шуміліна дэманструе стабільнасць і развіццё
На мінулым тыдні раённая камісія па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі раёна да новага навучальнага года пачала сваю работу. У першы дзень работы, 7 жніўня, камісія пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Мікалаевіча Зайцава наведала ўсе восем адукацыйных устаноў райцэнтра: СШ №1 і СШ №2, Цэнтр дзяцей і моладзі, дзіцячыя сады №1, №2, №3, №4 і Светласельскі дзіцячы сад. Калі абагуліць ўбачанае і вывесці агульны бал гатоўнасці, ён будзе блізкі да васьмёркі. І гэта сведчыць пра тое, што зроблена сапраўды многа, прычым не толькі за бюджэтныя сродкі, але і за ўласныя грошы ўстаноў, а таксама з дапамогай бацькоў і шэфаў.
Так, толькі ў Шумілінскай СШ №1 бацькоўскі савет сабраў звыш дваццаці мільёнаў рублёў, паведаміла дырэктар школы В. В. Мянькова. Дзякуючы гэтай дапамозе ў рэкрэацыях другога і трэцяга паверхаў пасцелены новы светлы лінолеум. Вядома, што на школу нумар адзін былі накіраваны і вялікія бюджэтныя сродкі – гэта бачна кожнаму. А. М. Зайцаў падкрэсліў, што школа, дзе вучыцца 30% усіх дзяцей Шумілінскага раёна, дзе праходзіць шмат раённых мерапрыемстваў, павінна быць прыкладам, узорам па ўсіх накірунках. Да таго ж,  размешчана школа ў самым цэнтры Шуміліна. Усё гэта абавязвае калектыў школы быць на вышыні.
Але думаць, што ў камісіі не было ніякіх прэтэнзій да калектыву СШ №1, было б няправільна. Начальнік Шумілінскага энерганагляду Я. М. Лебедзеў, напрыклад, перакананы, што ў дзіцячай установе ўсё павінна быць бездакорна, таму ён не прамінуў і ў СШ №1 зазначыць, што з пяці парушэнняў, адзначаных у жніўні мінулага года, выкананы толькі два. На выпраўленне сітуацыі дадзена 10 дзён.
Але гэта ніяк не можа перакрэсліць тую вялікую работу, што зроблена  школьным калектывам і бацькамі па падрыхтоўцы кабінетаў, стварэнні ўтульнасці і прыгажосці, добраўпарадкаванні гаспадарчага двара, па вырошчванні гародніны.
Шумілінская школа СШ №2 не можа пахваліцца сямюстамі вучнямі. Тут мараць хаця б утрымацца на лічбе 200. Праўда, новы жылы мікрараён дае школе надзею, і калі сёння цесна ў дзіцячым садку №4, то гэта перспектывы для школы. А тое, што зараз школе трэба пацясніцца, каб размясціць на сваіх плошчах адну групу дзіцячага сада, праблема невялікая. А. М. Зайцаў нагадаў часы, калі ў Шумілінскай СШ №2 (якая яшчэ не мела прыбудовы) вучылася і за пяцьсот школьнікаў. Але памяшканні для групы дзіцячага сада не гатовы, і трэба будзе вельмі добра пастарацца, каб да 1 верасня аформіць уваход, раздатачны пакой, раздзявалку для дзяцей, “выбіць” на гэта дадатковае фінансаванне, бо выдзеленыя з бюджэту 30 мільёнаў ужо закончыліся, а работы, як бачна, нямала. Гэтыя пытанні будзе “разрульваць” аддзел адукацыі, у прыватнасці, яго гаспадарчая група.
Што датычыць самой СШ №2, тут не абышлося без заўваг, у прыватнасці, зноў жа па электрычнай часці: зацякае электрашчытавая, а электрычнасць і вада, падкрэсліў Я. М. Лебедзеў, рэчы несумяшчальныя, тым больш, калі размова ідзе пра дзіцячую ўстанову.
Дзякуючы творчым здольнасцям дырэктара СШ №2 І. І. Аляксеева, на школьнай тэрыторыі пастаянна з’яўляюцца новыя малыя архітэктурныя формы. На гэты раз перад школай з’явіліся дзве казулі, а на заднім двары «ўсеўся» слон – ён будзе часткай фантаннай кампазіцыі, праўда, да 1 верасня запусціць фантан не паспеюць.
Мы ўжо закранулі падрыхтоўку да 1 верасня дзіцячага сада №4. Дададзім толькі, што сёння гэтая ўстанова адукацыі вельмі адметная тым, што не ведае што рабіць з наплывам дзяцей. З пункту гледжання дэмаграфіі гэта выдатна, але ў групах цесна, на ложку “рамонак” замест трох дзетак месцяцца чатыры, а загадчыца садка З. А. Зазыба палохаецца новых заяў ад маладых бацькоў. Затое як вырас статус дзіцячай установы!
Быў і ў нас бум, усміхнецца хто-небудзь са Светласельскага дзіцячага сада. А сёння тут 48 дзетак. А плошчы! Усё ж як пашанцавала тым, хто трапіў у праграму адраджэння сяла і будаўніцтва аграгарадкоў. Падтрымліваць парадак у такіх установах – гэта ўжо зусім іншы клопат. Тут можна разам з загадчыцай Л. В. Ястрабавай няспешна прайсціся па экалагічнай сцежцы, парадавацца за дзетак, для якіх створаны сапраўды ўсе ўмовы.
Шкада, што не абвясцілі аграгарадком і само Шуміліна. Колькі б пытанняў парашалі, па тых жа гарадскіх дзіцячых садах, дзе просяць замены вокны, дзе рамонту чакаюць і дахі, і сцены, асфальтавае пакрыццё. Пакрысе пытанні рашаюцца, дапамагае раённы бюджэт, стараюцца і самі калектывы. Так, у дзіцячым садзе №1 (загадчыца А. М. Садохіна) сваімі сіламі замянілі шэсць акон, у дзіцячым садзе №3 (загадчыца Н. М. Пашкевіч) зрабілі адмостку. Гэта не кажучы пра рамонт груп, добраўпарадкаванне тэрыторый. Актыўна дапамагалі бацькі. У дзіцячым садзе №2 (загадчыца Т. У. Карапузава), урэшце, як і ў іншых, за грошы бацькоў закупілі лінолеум, іншыя матэрыялы. Шмат зроблена ў гэтым годзе і гаспадарчай групай аддзела адукацыі. Як паведаміў в. а. начальніка групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання аддзела адукацыі Аляксандр Гаўрылаў, у дзіцячым садзе №3 поўнасцю заменены чыгунныя каналізацыйныя трубы ў падвале на пластыкавыя, закуплены цеплаабменнік, праводзіцца рамонт цеплапункта (на ўсё гэта пайшло каля 80 мільёнаў бюджэтных сродкаў). Звыш 10 мільёнаў патрачана на рамонт ацяплення Цэнтра дзяцей і моладзі, прыкладна такая ж сума пайшла на рамонт гарачага водазабеспячэння, замену сантэхнікі, рамонт каналізацыі ў дзіцячым садзе №2, звыш 18 мільёнаў – на рамонт ацяплення і ўстаноўку цеплалічыльніка ў СШ №2 (не кажучы пра вышэй адзначаныя 30 мільёнаў). Салідныя сродкі выдзелены бюджэтам на рамонт СШ №1: толькі рамонт уваходнай групы абыйшоўся ў 96 мільёнаў, яшчэ 60 мільёнаў каштуе замена цеплатрасы на пі-трубу.
А вось Цэнтр дзяцей і моладзі ўдала дэманструе сваё ўменне зарабляць грошы. Кіраўнік цэнтра Р. А. Туманава расказала камісіі, што толькі платных паслуг установа аказала на 28 мільёнаў рублёў. Апроч таго па лініі грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”  на 12 мільёнаў атрымалі розных дапаможнікаў: літаратуру, стэнды, біноклі, музычны цэнтр. Удалым аказаўся праект “Адукацыйны цэнтр для дарослых”, які фінансаваў Еўрасаюз. Праект прынёс не толькі задавальненне дарослым навучэнцам, але і новую мэблю, абсталяванне, посуд, расходныя матэрыялы (на 25 мільёнаў). Таму да новага навучальнага года ў Цэнтры падрыхтаваліся нядрэнна. Праўда, і ім “накідалі” заўваг, якія павінны быць выпраўлены ў дзесяцідзённы тэрмін.
У цэлым жа ўстановы адукацыі райцэнтра прадэманстравалі высокую гатоўнасць да 1 верасня. Усе яны, падкрэсліў намеснік старшыні  раённай камісіі па праверцы гатоўнасці ўстаноў адукацыі В. М. Саковіч, працуюць стабільна, у рэжыме развіцця.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №61 ад 12.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *