На пришкольной территории Шумилинской СШ №1 кипит работа: идет реконструкция

Актуалии Образование Общество Спорт

«Гарачы» аб’ект
На шляху да школы будучыні
Яшчэ крыху — і ў райцэнтры з’явіцца суперсучасны аб’ект. Гэтым летам, пакуль дзеці адпачываюць, дарослыя рыхтуюць ім да 1 верасня шыкоўны падарунак – рэканструяваную пляцоўку на прышкольнай тэрыторыі Шумілінскай СШ №1. У выніку глабальнай рэканструкцыі ў рамках капрамонту будзе асвоена 600 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў, расказала  начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Мянькова.
На мінулым тыдні мы адправіліся  на будаўнічую пляцоўку і паглядзелі на маштабы работ. Галоўны інжынер Шумілінскай ПМК-70 Раман Карасёў правёў экскурсію і расказаў, што атрымаецца, як кажуць, на выхадзе.
Па-першае, пасля дэмантажу асфальтавага пакрыцця заменены інжынерныя сеткі, якія праходзілі па тэрыторыі. У выніку будаўнічых работ прадугледжана вулічнае асвятленне пляцовак.
Па-другое, на ўчастку з’явяцца некалькі спартыўных пляцовак. Самая вялікая – футбольная (з варотамі і бегавымі дарожкамі), пакрытая самым сучасным штучным пакрыццём, між іншым, практычна такім, як на сталічным стадыёне “Дынама”. Гэтымі работамі займаецца спецыяльная мінская фірма “TALEN Group”.
Таксама будуць уладкаваны валейбольна-стрытбольная пляцоўка, пляцоўка для вулічных трэнажораў, гульнявая пляцоўка.
Тэрыторыя ля школьнага ганка выкладзена тратуарнай пліткай. Прадугледжана агароджанне тэрыторыі школы. З боку цэнтральнай вуліцы Кароткіна гэта будуць сучасныя металічныя панэлі з уваходнай групай.
Генпадрадчыкам рэканструкцыі выступае Шумілін-ская ПМК-70, на субпадрадных работах задзейнічаны ДРБУ-204, іншыя арганізацыі.
На наступны год рамонт навучальнай установы прадоўжыцца. Як зазначыла Валянціна Мянькова, ужо выдаткаваны сродкі па праграме Сусветнага банка на працяг капрамонту з мадэрнізацыяй Шумілінскай СШ №1. Такім чынам, СШ №1 паціху набывае абрысы школы будучыні.
Алена КАРПУШЭНКА.