Тема вынесена на заседание президиума Шумилинского районного Совета депутатов

Актуалии Власть Общество

Тэма далікатная, але тычыцца ўсіх

З 2001 года ў нашай краіне дзейнічае Закон Рэспублікі Беларусь “Аб пахаванні і пахавальнай справе”, які ў 2015 годзе быў істотна дапоўнены і ўдакладнены некаторымі артыкуламі. Як рэалізоўваецца Закон на тэрыторыі нашага раёна, наколькі поўна работа ў гэтым накірунку прыведзена ў адпаведнасць з прынятымі на падставе Закона рашэннямі, якія праблемы застаюцца нявырашанымі – гэтыя пытанні былі абмеркаваны ў панядзелак на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое вяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Мікалаеўна Новікава.
З дакладам выступіла начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Н. М. Кунец. Надзея Мікалаеўна адзначыла, што ў нашым раёне арганізацыя дзейнасці, звязанай з пахаваннем памерлых, рэалізоўваецца згодна з прынятымі на падставе Закона адпаведнымі рашэннямі. У прыватнасці, забяспечваюцца вядзенне дзяржаўнага ўліку, прадастаўленне, а таксама рэзерваванне ўчасткаў для пахавання на могілках; выплачваецца дапамога на пахаванне – у памеры сярэдняй зарплаты работнікаў у краіне за мінулы месяц адносна месяца наступлення смерці. У красавіку гэта сума роўная 716,5 руб.
Аказаннем рытуальных паслуг у раёне займаецца райбыткамбінат, камунгас і тры прыватныя прадпрыемствы. Хаця, на жаль, пакуль няма ў райцэнтры такога прадпрыемства, якое б узяло на сябе ўвесь працэс арганізацыі пахавання памерлага.
На тэрыторыі Шумілінскага раёна налічваецца 174 могілкаў, з іх у Шуміліне – 5 (2 – закрытыя: па вул. Валадарскага і Гарбузоўскае), у Обалі – 2, у сельскай мясцовасці – 167. Агульная колькасць пахаванняў складае прыкладна 41 тысячу. Самыя вялікія могілкі Крупчанскія, на якіх налічваецца каля 2 тыс. пахаванняў.
Па словах дакладчыка, дзяржаўны ўлік участкаў для пахавання ў райцэнтры вядзе УП ЖКГ, дзе ўсталявана праграмнае забеспячэнне «Улік пахаванняў». На тэрыторыі сельскіх саветаў улік робяць сельвыканкамы.
Асобная тэма для абмеркавання – утрыманне і добраўпарадкаванне месцаў пахавання. Гэтым зноў жа займаецца камунгас сумесна з сельвыканкамамі. Так, падлічана, што на добраўпарадкаванне грамадзянскіх могілак у 2016 годзе УП ЖКГ патраціла ўласных сродкаў 22180 рублёў, з раённага бюджэту – 4000 рублёў.
Як сёння павінны быць абсталяваны грамадзянскія могілкі? Асаблівая ўвага надаецца вызначэнню месцаў часовага складзіравання смецця, рэгулярнаму вывазу смецця і падвозу пяску, выдаленню аварыйных дрэў і кустоўя і іншаму.
Падчас абмеркавання пытання была закранута праблема таго, што кожны год вясной некаторыя сельгаспрадпрыемствы пераворваюць пад’езды да могілак, псуе пад’язныя шляхі і вялікагрузная тэхніка сельгаспрадпрыемстваў і лясгасу.
Старшыня райсавета дэпутатаў звярнула ўвагу прысутных, найперш адказных суб’ектаў, на недапушчэнне падобных з’яў, таксама Ірына Мікалаеўна дала даручэнне да Радаўніцы выканаць неабходныя работы па добраўпарадкаванні грамадзянскіх могілак, прывесці ў належны парадак усе пад’езды да іх.
З дакладам “Аб ходзе выканання пастановы прэзідыума Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў ад 24.07.2013г. №115 «Аб мерах, прымаемых УП ЖКГ Шумілінскага раёна па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой з грамадскіх шахтавых калодзежаў” выступіў галоўны санітарны ўрач раёна С. А. Конышаў. Сяргей Алегавіч назваў работу камунгасу па гэтым накірунку недастатковай і прапанаваў пакінуць пытанне на кантролі.
Па наступным пытанні “Аб ходзе выканання пастановы прэзідыума Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў от 21.07.2014г. № 10 «Аб развіцці прыдарожнага сэрвісу на тэрыторыі раёна і прымаемых мерах па ўдасканаленні прыдарожнай інфраструктуры» (дакладчык – начальнік аддзела эканомікі Т. А. Сідарава), улічваючы выкананне большасці пунктаў, пастанову вырашана з кантролю зняць.
Таксама на пасяджэнні была заслухана інфармацыя аб практыцы арганізацыі прыёму грамадзян дэпутатамі Светласельскага і Мішневіцкага сельскіх Саветаў дэпутатаў, рэалізацыі прапаноў і заўваг, што паступілі ў ходзе сустрэч з выбаршчыкамі, якую падалі старшыні сельвыканкамаў В. В. Шчарбакоў і Г. У. Зязюлька.
Па ўсіх абмеркаваных пытаннях былі прыняты пастановы.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 20.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *