Да 130-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа

Актуалии

“Малюся я небу… за родны загон Беларусі!..”
Ніхто, напэўна, не зможа пацясніць на пантэоне славутых імён  Беларусі імёны Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны — і сёння зоркі першай велічыні. Як было і пяцьдзесят, і восемдзесят гадоў назад.
Прыгадаліся радкі  вядомага беларускага паэта Ніла Гілевіча:
Хоць, я ведаю,
моваў на свеце нямала,
І з усіх песняроў
мне мілей і бліжэй
Роднай мовы пясняр –
неўміручы Купала.
За той час, што няма ў жывых Янкі Купалы, пра яго напісана шмат успамінаў. На іх пераважна і хацелася б спыніцца. Пачнём з успамінаў Якуба Коласа — песняра, якому лёс наканаваў часта сустракацца з Купалам. Асабліва з 1921 года, калі паэты пераехалі ў Мінск. “Звычайна Купала мала калі пускаўся  ў доўгія гутаркі, — згадвае Якуб Колас. — Ён звычайна абмяжоўваўся кароткімі  трапнымі адказамі, заўвагамі… Запаветныя думкі ён таіў у самім сабе, не раскідваўся імі. І толькі вынасіўшы, перажыўшы іх, даваў ім волю ў сваіх творах…”. Наогул, колькі ні чытаў успамінаў пра Янку Купалу, усе адзначалі яго маўкліва-задуменную натуру. І яшчэ — хлебасольнасць, дар чалавека, які ўмеў і любіў сустракаць гасцей. Да пары яму ў гэтым была і жонка Уладзіслава Францаўна. Дзяцей у іх не было, і яны ўсю сваю любоў і шчодрасць сэрца аддавалі чужым людзям.
Кранулі ўспаміны Барыса Мікуліча, пісьменніка, які добра ведаў і Купалу, і Коласа. Ён падаў песняроў рознымі — і па духу, і па стылю творчасці  “Было ў ім (Купалу.— аўт.) нешта ад разгульнай польскай шляхты, — піша пісьменнік. — Колас быў педантычны, сухі… Купала зрабіў тысячы памылак, Колас узважваў усё… Купала — само натхненне, маса экспромтаў, усё ў парывах, Колас — у карпатлівай працы, у “выседжванні”… Купала быў майстрам лірычнага верша і ўсе яго паэмы — тыя ж вершы, Коласа заўсёды вабіла да вялікіх палотнаў…”. У гэтых успамінах Б. Мікуліч сцвярджае: Купала няважна чытаў свае вершы, чытаў скорагаворкай. А вось у паэтычным радку ён быў бліскучы і не дапускаў ніякіх умяшанняў. Гэта быў паэт у поўным сэнсе гэтага слова. Хто не ведае сёння яго “Паўлінкі”, паэм “Бандароўна”, “Магіла льва”, “Курган”, колькі вершаў яго сталі   песнямі, якія кранаюць і сёння шчырасцю і дасканаласцю паэтычнага радка?! Адна з іх — “Мая малітва”, якую напісаў  на словы паэта і выканаў Уладзімір Мулявін. Помню перадачу пра кіраўніка “Песняроў”, калі ён прызнаўся: у радку “Распятаю буду маліцца душой” у слове “распятаю”  кампазітар замяніў “я” на “е”: так вымагала яго, аўтарская задума. Не ведаю, як паглядзеў бы на замену сэнсу слова сам Янка Купала, калі ён ніколі не дапускаў умяшання ў сваю паэтычную “тканіну”. А апошнія радкі песні  я палічыў  удалымі для загалоўка сваіх нататак…
У маёй бібліятэцы ёсць успаміны пра песняра і жонкі яго Уладзіславы Францаўны, і многіх яго сяброў, і калег па паэтычнай лабараторыі. Узгадваюць многія з іх тую пару, калі Купала пасяліўся ў Ляўках, на Аршаншчыне. Побач жыў, цешыў сваёй красою  магутны   Дняпро, які натхняў паэта на напісанне таленавітых вершаў. Так званы ляўкоўскі перыяд (лета 1935 года) для Купалы быў такім жа “выдыхам”, як для Пушкіна “болдзінская восень” 1830-га. Прыязджалі сюды яго сябры, адсюль, як жартаваў паэт, было яму бліжэй да Масквы — сэрца нашай тагачаснай Радзімы. У гэтым “сэрцы” абарвалася сэрца вялікага беларускага песняра, які загінуў у самы пярэдадзень свайго 60-гадовага юбілею.
Барыс Сачанка, які ўнікліва даследаваў перадсмяротныя часіны паэта, прыйшоў да думкі, што Купалу нібыта спіхнулі ў лесвічны пралёт з дзясятага паверха гасцініцы  людзі з атачэння Берыя. Праўда, так яно было ці не, дакументальна не пацверджана.
Купала маліўся “небу… ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору за родны загон Беларусі”, паэт марыў заспець той час, калі беларусы будуць “людзьмі звацца”. І самым яскравым пацвярджэннем гэтаму  была ягоная п’еса “Тутэйшыя”, якую ўвялі напрыканцы 90-х гадоў 20 стагоддзя ў школьныя падручнікі. Шкада, што твор пацяснілі ў хрэстаматыях іншыя, відаць, больш “прабіўныя” творы…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №29 ад 10.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *