На родительское собрание в Шумилинскую районную гимназию приехало руководство района с подарками

Актуалии Образование Президент

Ёсць плённыя вынікі – значыць гімназія будзе працаваць

У мінулую суботу ў раённай гімназіі праходзіў бацькоўскі сход. І пачаўся ён з прыемнай падзеі: на сустрэчу з вучнямі, педагогамі і бацькамі прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Снараў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
“Хачу адразу абвергнуць усе чуткі пра закрыццё гімназіі, – пачаў сваё выступленне кіраўнік раёна. – Пакуль гімназія паказвае высокі ўзровень работы, мае плённыя вынікі, педагогі могуць спакойна працаваць, а бацькі давяраць ім сваіх дзяцей – раённыя ўлады будуць падтрымліваць установу адукацыі”. Аляксандр Іванавіч адзначыў поспехі гімназіі ў падрыхтоўцы выпускнікоў, высокі ўзровень ведаў гімназістаў.
“Напярэдадні новага года мы ўручалі падарункі шэрагу школ раёна. СДЮШАР і Обальская СШ атрымалі вулічныя трэнажорныя комплексы, якімі, дарэчы, змогуць карыстацца ўсе жыхары раёна. Шумілінскай СШ №2, Мікіціхінскай і Слабадской школам уручаны камплекты спартыўнага інвентару”, – расказаў старшыня райвыканкама. Не з пустымі рукамі завіталі кіраўнікі раёна і ў гімназію: за сродкі раённага бюджэту набыты пяць ноутбукаў коштам 3,5 тысячы рублёў.
“Сёлета з васьмі вучняў, якія выступалі на абласной алімпіядзе, шэсць – гімназісты, з трох дыпломаў пераможцаў, якія заваявалі шумілінскія дзеці, два на рахунку вучняў гімназіі, а Кацярына Гарохава будзе абараняць гонар Віцебшчыны на рэспубліканскім узроўні. Стопрацэнтнае паступленне гімназістаў у ВНУ – гэта таксама гаворыць пра тое, што гімназія дае вясковым школьнікам такі ўзровень ведаў, які дазваляе ім канкурыраваць з лепшымі гарадскімі школамі.  Гэта годныя вынікі, таму ўлады будуць падтрымліваць раённую гімназію, бо ад цяперашніх дзяцей, выпускнікоў і  вучняў гімназіі залежыць будучы дабрабыт раёна і краіны”, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.
Прымаючы падарунак, дырэктар гімназіі Ларыса Маладзечкіна шчыра падзякавала за ўвагу да ўстановы адукацыі, за падтрымку і сказала, што ў гімназіі складваецца традыцыя, калі на навагоднія святы гімназія атрымлівае падарункі. Дзякуючы ўсталяванаму сяброўству, у мінулым годзе Мінскі трактарны завод падарыў міні-трактар і салодкія падарункі ўсім вучням, гэтая традыцыя прадоўжылася і сёлета: дэлегацыя гімназіі зноў прывезла са сталіцы падарункі ўсім вучням і сучаснае электроннае абсталяванне – мультыборд. І вось яшчэ падарунак, які вельмі патрэбны для ўдасканалення навучальнага працэсу, выкарыстання ў ім сучасных інфармацыйных тэхналогій.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №5 ад 16.01.2018 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *