Раўненне – на афіцэраў Шуміліншчыны

Актуалии Общество

Раўненне – на афіцэраў Шуміліншчыны

Шумілінская раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз афіцэраў” адзначыла сваё 10-годдзе. Афіцыйныя мерапрыемствы з гэтай нагоды прайшлі 27 мая ў чытальнай зале раённай бібліятэкі, дзе работнікі культуры падрыхтавалі сапраўднае свята.

Арганізацыя пакуль што налічвае 20 чалавек. Але шумілінскія афіцэры гучна заявілі пра сябе і ў раёне, і ў вобласці. Гэта адзначыла падчас святочнага вечара і кіраўніцтва раёна, і ўсе, хто прыйшоў павіншаваць афіцэраў.
Высокая грамадзянская пазіцыя, вернасць традыцыям, патрыятызм, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці вызначае шумілінскіх афіцэраў, падкрэсліў кіраўнік раёна Аляксандр Снараў. Аляксандр Іванавіч уручыў вітальны адрас старшыні арганізацыі палкоўніку Валерыю Жандараву. Ганаровай граматай райвыканкама за мэтанакіраваную работу па ваенна-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці старшыня райвыканкама ўзнагародзіў палкоўніка Генадзя Шынкевіча.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава назвала раённую арганізацыю афіцэраў адной з самых уплывовых грамадскіх арганізацый у раёне і шчыра падзякавала за работу. Ірына Мікалаеўна ўручыла Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў капітану другога рангу Анатолю Бычкову.
Сяргей Дзянісаў, намеснік старшыні абласнога савета ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, параўнаў шумілінскую арганізацыю афіцэраў з брыльянтам, адзначыў, што іншыя арганізацыі вобласці на яе раўняюцца.
Былых афіцэраў не бывае – гэта фраза лейтматывам гучала на свяце. І сапраўды, дысцыплінаванасць, адказнасць, сумленнасць, цвёрдасць слова і духу – гэтыя рысы вызначаюць афіцэраў Шумілінскага раёна. Гэта падкрэслівалі ўсе выступаючыя, сярод якіх – начальнік РАУС Аляксандр Дзмітрэнка, старшыня ветэранскай арганізацыі К. Ф. Палоўнікава, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая і іншыя.
У віншавальны вянок юбіляраў шчодра ўпляліся словы віншаванняў і пажаданняў, граматы і падарункі, кветкі і песні.
Добры падарунак да свайго юбілею зрабілі самі афіцэры – аформілі фотаальбом, дзе адлюстраваны важнейшыя моманты з жыцця арганізацыі за 10 год.
Прыгожай атрымалася і заключная частка свята – афіцэрскі баль. Падтрымліваючы сваіх дам, вальсавалі лейтэнанты і маёры, капітаны і палкоўнікі, сцвярджаючы, што афіцэры умеюць годна жыць, служыць, працаваць і адпачываць.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў № 43 ад 03.06.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *