Самая активная общественная организация в Шумилинском районе – общество инвалидов

Актуалии Культура Общество

“За кубкам чаю”
Такой была назва тэматычнай сустрэчы з інвалідамі аграгарадка Башні і вёскі Саладухі, арганізаваная ў Башнеўскім клубе грамадскім аб’яднаннем інвалідаў і аўтаклубам аддзела культуры.
Сустрэча з інвалідамі заўсёды пакідае ў маёй душы боль за людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Доўга яшчэ пасля наведвання іх немагчыма спакойна спаць. А вось на гэты раз паездка ў Башні выклікала зусім іншыя пачуцці. Людзі, якія прыйшлі на тэматычную сустрэчу, аказаліся жыццялюбамі і аптымістамі.
Памяшканне, дзе іх чакалі, старанна падрыхтавана рукамі культработнікаў Бондаравай Ірыны Аляксандраўны і Сафончык Алы Валянцінаўны. На сталах – цукеркі, пячэнне, мандарыны і чайнікі. Аб салодкім стале паклапацілася праўленне мясцовай гаспадаркі. Як добрая гаспадыня ветліва сустракала гасцей ідэолаг Шалюта Пелагея Захараўна.
Цікавы матэрыял пра чай падрыхтавала вядучая сустрэчы Барадзёнак Лілія Валянцінаўна. Заслужанымі апладысментамі сустракалі і праводзілі акампаніятара аўтаклуба Ткачова Алега Пятровіча, які пераважна спяваў пра вёску, родную зямлю і каханне. А з якой душой іграла і спявала галоўны спецыяліст аддзела культуры Навіцкая Валянціна Георгіеўна!
Але не толькі прыезджыя артысты весялілі прысутных.
З захапленнем слухалі ўсе песню ў выкананні Талсташовай Марыі Сяргееўны. Ёй бы на сцэне выступаць!
Шмат спявалі хорам, дзе асабліва вылучыліся Марчанка Надзея Анатольеўна, Балашэўскія Ефрасіння Максімаўна і Святлана Ісакаўна, Цімошчанка Рэма Фёдараўна і Цімошчанка Антаніна Віктараўна. А вось сціплы Сяргей Іванавіч Міхаёнак, інвалід Савецкай Арміі, падтрымліваў спевакоў добрай усмешкай.
Цікавым быў канцэрт па заяўках інвалідаў. Кожны прасіў выканаць песню, якая знайшла водгук у яго сэрцы. Вось Марчанка Н. А. папрасіла праспяваць “Валёнкі”. Аказваецца, у пасляваенны час яна не мела абутку, каб хадзіць у школу, і так марыла пра валёнкі, што не можа забыць дагэтуль. А ёй ужо 82 гады.
Актыўна адказвалі прысутныя на пытанні віктарыны пра чай, дзяліліся сакрэтамі прыгатавання гэтага напітка.
А потым група арганізатараў сустрэчы наведала Камароўскага Дзіму, інваліда-калясачніка.
З добрым настроем пакідалі мы Башні. Радасна таму, што ў раёне працуюць такія цудоўныя людзі, якія дапамагаюць іншым жыць і адчуваць сябе людзьмі. Радасна таму, што людзі, якія аказаліся ў цяжкім становішчы, не падаюць духам.
В. ПАРШЫКАВА, старшыня РГА “Беларускі фонд міру”.
Гасцёўня запрасіла. З душой і ад душы
Літаратурна-музычная гасцёўня “Крыніца”, што працуе пры цэнтральнай раённай бібліятэцы, даўно ў ліку любімых месцаў адпачынку жыхароў райцэнтра. Яе кіраўнік Таццяна Васільеўна Іваноўская стараецца, каб кожная сустрэча была душэўнай і сардэчнай.
Апошняе пасяджэнне “Крыніцы” было ў нечым незвычайным: прайшло яно ў ГДК у пашыраным фармаце, каб стаць яе ўдзельнікамі змаглі і члены таварыства інвалідаў. З такой просьбай звярнулася да арганізатараў гасцёўні старшыня раённага таварыства інвалідаў Л. М. Нагібава.
Як заўсёды, цікавым і змястоўным атрымалася мерапрыемства. У гасцёўню завітаў дыякан Вадзім разам з вучнямі нядзельнай царкоўнай школы (дырэктар В. В. Загвоздава). Вельмі дарэчы былі іх выступленні на хрысціянскую тэму, бо сама гасцёўня была прысвечана Калядам. Затым гаворка чаргавалася з песнямі, вершамі, конкурсамі. Пасля заканчэння пасяджэння гасцёўні на душы было цёпла і радасна.
Л. ДЗЕМЯНЁВА, Л. УЛЮЦЕНКА,  г. п. Шуміліна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *