30 туристических походов за плечами Артема Лисейцева из Шумилинского района

Мир увлечений Молодёжь Спорт, туризм

“Больш чым год у лесе…”
З дзяцінства захапіўся Арцём Лісейцаў падарожжамі і турыстычнымі паходамі.  Хлопчыкам абышоў усе наваколлі Мікіціхі, хаця, як сам прызнаецца, вырашальнымі сталі выпускныя класы. “Добра памятаю, як настаўнік фізкультуры А. Я. Асташонак і настаўнік геаграфіі А. У. Сачыўка ўзялі мяне на раённы турзлёт школьнікаў, – расказвае Арцём. – Люблю паходныя ўмовы жыцця, рамантыку лесу і прыгоды”. Дарэчы, тут праявілася і яшчэ адно захапленне Лісейцава – фатаграфаванне. Куды б ні адпраўляўся хлопец, усюды браў фотаапарат. Ён да сённяшняга часу захоўвае старэнькі “Зеніт”, з якім хадзіў у  першыя  паходы…
Пасля заканчэння Мікіціхінскай СШ Арцём  паступіў у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт фізічнай культуры, дзе і абраў спецыялізацыю спартыўны пешы турызм. Менавіта Віцебск адкрыў Арцёму прафесійны спартыўны турызм. Як кажуць, рукзак на плечы – і наперад. Прычым у рукзаку павінна быць усё, што спатрэбіцца падчас паходу. Для паходаў патрэбны і добрая фізічная падрыхтоўка, і дастаткова тэарэтычных ведаў, і, бадай, самае галоўнае – цвёрдасць духу і захопленасць.
Першы сур’ёзны паход у Арцёма Лісейцава быў на трэцім курсе, калі ён з сябрамі-турыстамі адправіўся ў падарожжа вакол Віцебска. Зараз хлопец з усмешкай расказвае пра гэты паход. А тады было яўна не да смеху. Адзін толькі рукзак важыў каля 35 кг, ён быў пастаянна за плячыма. Першы паход стаў сапраўдным выпрабаваннем. Праўда, якую асалоду адчулі “зялёныя” турысты, калі вярнуліся дадому! Гонар, замілаванне краявідамі, прыемную стомленасць… Пра гэта Арцём неяк не вельмі хоча гаварыць цяпер,  бо пасля ўсіх ягоных паходаў, гэта здаецца ўсяго толькі лёгкай размінкай. А пра свой першы паход Арцём згадвае са смехам: “Што запомнілася? Камары, камары і яшчэ раз камары…”
Усяго ў Арцёма Лісейцава недзе 30 паходаў, у кожным з іх якіх находжана  ад ста да трохсот кіламетраў, ёсць паход і пятай катэгорыі (Для даведкі. У  спартыўным пешым турызме ўсе маршруты ў залежнасці ад складанасці падзяляюцца на шэсць катэгорый. Апошнюю, шостую катэгорыю маюць паходы па Паўночным Урале і джунглях). “Усяго ў лесе правёў больш чым год,” – усміхаецца Арцём.
Арцёму Лісейцаву найбольш запомніліся два паходы – у Закарпацце і на Каўказ.
На Украіне праходзіў чэмпіянат Беларусі па спартыўным пешым турызме, у спаборніцтвах брала ўдзел і каманда Прыдзвіння, за якую выступаў  Арцём.  Дарэчы, віцябляне выйгралі чэмпіянат. “Непаўторная ўкраінская прырода, – дзеліцца Арцём. – Краявіды мяняюцца імгненна. Горы і ўзвышшы, і раптам раўніна.  Змешаныя лясы ўражваюць сваёй неабсяжнасцю. Адным словам, рай для турыста-фотааматара”. Падчас паходу турысты “ўзялі” самую высокую кропку Украіны – гару Гавэрла. Менавіта з гэтай гарой у Лісейцава своеасаблівыя адносіны. Справа ў тым, што Арцём у паход запрасіў і сваю дзяўчыну Кацю, у якой на Гавэрле і папрасіў рукі і сэрца.
А вось да паходу на Каўказ (пятая катэгорыя) пачалі настойліва рыхтавацца месяцы за чатыры. Асаблівая дыета, пастаянныя фізічныя нагрузкі і літаратура пра маршрут. “Неабходна было поўнасцю падрыхтаваць арганізм, – расказвае Арцём. – Ні кроплі спіртнога, нават квас нельга было піць, цалкам адмовіўся ад кавы. І штодзённы бег…” 19 ліпеня мінулага года каманда адправілася на Каўказ. Маршрут наступны: Мінеральныя Воды – Чагемскае цясніна – Эмануэль – перавал Хадзутаа –Эльбрус – Нальчык. Гэта амаль 260 км, прычым не па раўніне. Пра гэты паход можна доўга расказваць, але спынімся толькі на скарэнні самай высокай кропкі Еўропы – гары Эльбрус. “Штурмавалі” Эльбрус 10 жніўня, з сабой узялі толькі самае неабходнае – па максімуму аблегчылі рукзакі. Так, напрыклад, Арцём ўзяў з сабой 1,5 літры вады, 4 цукеркі і фотаапарат. “У гарах хутка абязвожваецца арганізм – сонца пячэ проста невыносна, – тлумачыць А. Лісейцаў. –  Пастаянна неабходна маленькімі глыткамі піць ваду”. Пачаўся ўзыход на Эльбрус у пачатку трэцяй гадзіны. Жадаючых “ўзяць” вяршыню гары на той дзень было чалавек 600. І вось гэты натоўп прыкладна ў адзін час ірвануў на гару.  Праўда, губляліся турысты, адмаўляліся ісці, бо цяжка, а на Заходняй вяршыні (5642 метры) засталося усяго чалавек сто. “Уражанні вельмі моцныя. Тэмпература мяняецца ад мінус трыццаці да плюс трыццаці. Сярэдзіна лета – а вакол толькі снег. А яшчэ ўзыход сонца.  І бачыш вялікі цень Эльбруса, які зліўся недзе далёка з гарызонтам”, – успамінае хлопец. Дадому з паходу Арцём вярнуўся  14 жніўня.
У свае 25 год Арцём многага дасягнуў у спартыўным пешым турызме. Але спыняцца на дасягнутым яўна не збіраецца. Марыць, што у бліжэйшыя гады яму скарыцца і паход шостай катэгорыі.
Мы ўжо казалі пра захапленне Арцёма фотасправай. Свой “Нікан” Арцём бярэ ўсюды – ад паходу пятай катэгорыі да простай прагулкі ці рыбалкі  з сябрамі. Сёння ў Лісейцава звыш 10 тысяч фотаздымкаў. Дарэчы, пазнаёміцца з імі можна ў афіцыйнай групе “Раённая газета” “Герой працы” ў сацыяльнай сетцы “Укантакце” ў фотаальбоме “Падарожнічаем разам з Арцёмам Лісейцавым”. Скажу вам: ёсць што паглядзець.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №63 ад 19.08.2014 г.
Фота з архіву Арцёма ЛІСЕЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *