“Увага – дзеці!”

Актуалии Безопасность Образование Общество

“Увага – дзеці!”
За студзень-ліпень бягучага года ў рэспубліцы ў дарожна-транспартных здарэннях загінула 20 дзяцей, 227 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Як паказвае жыццё, штогод у жніўні-верасні пачашчаюцца выпадкі дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, таму з 25 жніўня па 5 верасня  праводзіцца спецыяльная комплексная акцыя “Увага – дзеці!”
Неспакойна на дарогах  і ў Віцебскай вобласці: сёлета зарэгістравана 19 ДТЗ  з удзелам і па віне дзяцей, 22 дзіцяці атрымалі траўмы рознай цяжкасці, 2 загінулі. Сярод  пацярпелых  –  10 дзяцей-пасажыраў, 8 пешаходаў (у 4 ДТЗ віна дзяцей), 3 веласіпедысты (2 ДТЗ па віне дзяцей) і адзін вадзіцель скутара (віна падлетка).
У чэрвені вадзіцель аўтамабіля “Опель-Вектра” на аўтадарозе Орша – Дубніцы Аршанскага раёна наехаў на 13-гадовага веласіпедыста, які рухаўся ў спадарожным накірунку. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў хлопец памёр на месцы ДТЗ. Вадзіцель, які наехаў на хлопчыка, збег з месца здарэння. Як высветлілася, ён быў у стане алкагольнага ап’янення.
У ліпені адбылося ДТЗ на аўтадарозе Мінск-Віцебск. Віцяблянін, які кіраваў аўтамабілем “Мазда-626”,  пры абгоне не ўпэўніўся ў бяспецы манеўра, у выніку чаго сутыкнуўся з аўтамашынай “Опель-Амега”. У выніку ДТЗ шасцікласніца, што ехала ў машыне, загінула на месцы. Яшчэ двое пасажыраў-дзяцей з пераломамі дастаўлены ў бальніцу. Вадзіцеля “Опеля” да бальніцы не давезлі, ён памер па дарозе.
У жніўні на аўтадарозе Барвін Перавоз-Віцебск  вадзіцель незарэгістраванага матацыкла “Сузукі” сутыкнуўся са скутарам “Хорс”. У выніку  скутар з’ехаў у кювет і перакуліўся. Сам  вадзіцель і яго пасажыр (вучаніца 9 класа) з цялеснымі пашкоджаннямі былі дастаўлены ў бальніцу. Як высветлілася, ні вадзіцель матацыкла, ні вадзіцель скутара не мелі правоў кіравання.
На дарозе трэба быць вельмі ўважлівым, асабліва калі паўз дарогі  ходзяць дзеці. Таму супрацоўнікі ДАІ заклікаюць усіх вадзіцеляў быць вельмі ўважлівымі і  з 25 жніўня па 5 верасня рухацца з ўключаным бліжнім святлом фар.
М. ГАРАЛЕВІЧ, начальнік ДАІ РАУС.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *