На районном координационном совете: нужно жалеть детей, а не тунеядцев

Закон Общество

Трэба шкадаваць дзяцей, а не дармаедаў
Відаць, данеслі да Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі аб’ектыўную і вычарпальную інфармацыю па выкананні Дэкрэта № 18, бо нямала часу той адвёў падчас нядаўняга выступлення такой ганебнай язве грамадства, як дармаедства. Свежымі былі яшчэ словы кіраўніка дзяржавы на той час, калі працаваў у раёне каардынацыйны савет па кантролю за выкананнем адзначанага дэкрэту. Намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, які вёў на правах старшыні  савета пасяджэнне, спыніўся на ключавых момантах праблемы. Непакоіць па-ранейшаму працэнт кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне адабраных дзяцей,  сапраўдным галаўным болем сталі прагульшчыкі з асяродку абавязаных асоб.  За верасень 173 прагулы – занадта, калі ўлічыць, што ў іншых сельскіх раёнах вобласці на  парадак менш.
Статыстыка – рэч упартая. Калі з пачатку года на ўліку пад “грыфам” сацыяльна небяспечных  было 110 сямей, то зараз – усяго 46. Але спачываць на лаўрах небяспечна, лічыць Анатоль Мікалаевіч. Тым больш, што ў школах не заўсёды абгрунтавана падыходзяць да зняцця з уліку. Але пра гэта крыху пазней, а зараз зноў статыстыка. За час дзеяння дэкрэта, з 2007 года,  99 дзетак адабрана ў бацькоў, якіх пазбавілі  правоў на дзяцей, амаль 200 дзяцей мелі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, у тым ліку 38 забіралі з сямей паўторна. Менавіта гэтыя 25 сямей, дзе здарыліся такія рэцыдывы – гэта ганебная пляма, гэта сур’ёзная недапрацоўка ўсіх структур, якія так ці інакш маюць дачыненне да выканання Дэкрэта № 18.
Словам, праблем за тыя сем гадоў дзеяння дэкрэта менш не стала. Хутчэй наадварот – агаліліся такія нюансы праблемы, як нахабства дармаедаў. Адна абавязаная маці-зязюля данесла ў РАУС даведку з ВВК, нібыта яна не можа працаваць у цэху Обальскага керамічнага завода, патрабуе лёгкай працы. На работу не ходзіць, “качае” свае правы, спасылаецца на Канстытуцыю, піша SMS-кі работніку міліцыі, які вядзе ўлік выхаду на работу. Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. І. Жукава зачытала дакладную, дасланую з КУСГП “Сіроцінскі”. У гэтым “дакуменце” паведамляецца, што абавязаная асоба мае “паталагічнае нежаданне працаваць”. Такую паталогію, на думку А. М. Зайцава, трэба лячыць прымусова. Трэба шкадаваць дзяцей, а не дармаедаў.
А ўвогуле не можа задаволіць членаў каардынацыйнага савета беспарадак з улікам у гэтай справе. Нямала пытанняў па Шумілінскаму райаграсэрвісу, ёсць яны па ААТ “АграБаравінка”, па вытворчаму цэху ААТ “Малако”.
Разглядалася абгрунтаванасць  пры зняцці з уліку сямей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. В. Бельчыкава з аддзела адукацыі, спорту і турызму далажыла савету пра тую работу, якая праводзіцца сацыяльнай службай школ раёна з  такімі сем’ямі. Напрыклад, з уліку зняты 83 дзіцяці з 41 сям’і. Лічбы А. М. Зайцава, між тым,  насцярожылі, на яго думку, С. В. Бельчыкава пайшла на повадзе ў кіраўніцтва школ раёна. Трэба падысці да праблемы больш сур’ёзна і непрадузята.
Галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў засяродзіў увагу прысутных на мерапрыемствах, якія праводзяцца медыкамі па выяўленні  пагроз для ўтрымання малых дзяцей з самага нараджэння ў сем’х. Улічваюцца ўсе крытэрыі, нават адукацыйны ўзровень бацькоў, а не толькі іх матэрыяльны складнік.
Намеснік начальніка аддзела інспекцыі нагляду і прафілактыкі абласнога ўпраўлення МНС А. І. Сычоў, які прымаў удзел у рабоце пасяджэння, спыніўся на тых аспектах праблемы, калі дзіця аднаго, без нагляду дарослых, пакідаюць дома, а той трапляе ў надзвычайную сітуацыю, становіцца ахвярай недагляду.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №83 ад 28.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *