У суладдзі з прыродай

Экология Экономика

У суладдзі з прыродай
Андрэй Віктаравіч Іваноў вырас у Мішневічах і пасля заканчэння вучобы вярнуўся працаваць у родную вёску.
Ён любіць прыроду. Хоча, каб у лесе было прыгожа і чыста. І працуе над гэтым па абавязку службы: узначальвае Мішневіцкае лясніцтва.
Па сваёй натуры чалавек спакойны і разважлівы, ляснічы ніколі не рубіць з пляча. Перш чым узяцца за нейкую справу, прадумае, узважыць. Заўсёды тактоўны і старанны – вось як ацэньваюць свайго кіраўніка больш як дваццаць чалавек, што працуюць у яго падначаленні.
У работнікаў Мішневіцкага лясніцтва работы ўволю. Напрыклад, нядаўна па заказу лясгасу зрабілі 400 мётлаў і 300 бярозавых венікаў для шумілінскай лазні. Летам рэгулярна абкошваюць замацаваныя за лясніцтвам брацкія могілкі ў Мішневічах і Валатоўках.
Сёлетняй вясной на 25 гектарах былі пасаджаны маладзенькія бярозкі, елачкі і дубкі.  “Глядзіш, і душа радуецца, як падрастаюць кволыя дрэўцы, як набіраюцца моцы і праз некалькі гадоў ператвараюцца ў магутныя дрэвы”, – кажа Андрэй Віктаравіч.
Дзякуючы добрай арганізацыі, работа ў Мішневіцкім лясніцтве ладзіцца, лічаць у лясгасе, і заслуга ў гэтым перш за ўсё А. В. Іванова.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *