А счастья всем хочется одинаково

Актуалии Общество

А шчасця хочацца ўсім аднолькава
Дзеці і дарослыя, багатыя і бедныя, прыгожыя і разумныя – лёс не ўлічвае ніякія характарыстыкі, калі распараджаецца чалавечым жыццём, здароўем…
Дзень трэцяга снежня традыцыйна прыцягвае асаблівую ўвагу да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, іх клопатаў, праблем, жаданняў. Вось і ў пятніцу ў ГДК прайшло мерапрыемства пад назвай “Рабі дабро” з нагоды Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Прайшло, як і заўжды, з песнямі, цёплымі словамі падтрымкі, пажаданнямі здароўя і аптымізму.
963 жыхары нашага раёна маюць дачыненне да гэтага дня (а гэта 4,6%). Але на самой справе іх больш, як адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, ёсць і такія грамадзяне, інваліднасць у адносінах да якіх яшчэ не ўстаноўлена. На баку годнага, спакойнага жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі стаяць прызваныя абараняць іх інтарэсы сацыяльныя службы. Сёння можна гаварыць аб наладжанасці сістэмы рэабілітацыі інвалідаў: усе, хто мае патрэбу, забяспечаны тэхнічнымі сродкамі; усе могуць разлічваць на своечасовую дапамогу, любую, ад прававой да псіхалагічнай.
Абмежаванне фізічных магчымасцяў ніяк не прадугледжвае непаўнацэннага жыцця. Гэта не перашкаджае такім людзям заявіць пра сябе ў многіх сферах, праявіць у поўнай меры свае, часам, нестандартныя здольнасці. Яны могуць дабіцца высокіх вынікаў у спорце, музыцы, выяўленчым мастацтве, выхаванні дзяцей і многім іншым. Галоўнае, каб грамадства вырасла да думкі, што людзі з асаблівасцямі – такія ж як усе. І думкі, мары і жаданні ў іх такія ж, як у кожнага чалавека. Ім не менш за іншых хочацца шчасця, кахання, гармоніі, упэўненасці ў будучым.
Як мага больш цікавым і насычаным стараюцца зрабіць сваё жыццё члены раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, узначальвае якую Л. М. Нагібава. У гэты дзень Любоў Мікалаеўна з высокай сцэны казала дзякуй усім службам і арганізацыям, што дапамагаюць ім у гэтай вартай справе. Прадстаўніцтва таварыства ў раёне паступова шырыцца, людзі ўмеюць цікава правесці час, сябраваць, шчыра радавацца за поспехі адзін аднога, дапамагаць бліжнім. І гэтаму не грэх было б павучыцца кожнаму з нас.
Яны выкарыстоўваюць любую нагоду для таго, каб праявіць сябе. Вось і заяўлены напярэдадні кулінарны конкурс (у якім, дарэчы, перамагло сяброўства) выявіў больш за дзесятак таленавітых у гэтай справе жанчын. А пасля танцаў і конкурсаў, арганізаваных работнікамі ГДК у фае, стол, які прэзентаваў кулінарныя шэдэўры, застаўся пустым – значыць, усё было надзвычай смачна. Хочацца адзначыць і майстроў Дома рамёстваў, якія таксама прынялі ўдзел у свяце і парадавалі сваімі заўжды арыгінальнымі вырабамі.
А, наогул, такія мерапрыемствы пакідаюць нязменнае жаданне гармоніі ва ўсім і шчасця для ўсіх.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №95 ад 7.12.2010 года.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *