Георгіеўскі кавалер Аляксей Лапо

Векапомнае Край шумілінскі Общество

Георгіеўскі кавалер Аляксей Лапо
Можна зноў і зноў спрачацца, каму яна была патрэбная  Першая сусветная вайна, але тое, што яна ўпісала сваю адметную старонку ў гісторыю Беларусі і беларусаў, неаспрэчна. Бо яна не проста ўцягнула  ў свой вір 38 дзяржаў, паўтара мільярда чалавек, але і  крывавымі хвалямі захліснула беларускую зямлю, перакроіла яе, скалечыла, слязамі і стратамі пастукалася ў дамы беларусаў,  дакацілася ў 1918 годзе да Шуміліншчыны. У 1914-1918 гадах сотні тысяч беларусаў пайшлі ваяваць. І ў Шумілінскім раёне знойдзецца не адна сям’я, чые продкі былі непасрэднымі ўдзельнікамі  баявых дзеянняў. Але той супярэчлівы час у лепшым выпадку замоўчваў адвагу і гераізм рускіх (чытайце – і беларускіх) воінаў, а ў горшым з патрыётаў сваёй Айчыны рабілі ворагаў маладой савецкай дзяржавы.
Сёння ж, калі з пачатку Першай сусветнай вайны мінула сто гадоў, многія каштоўнасці пераацэнены, і ў сродках масавай інфармацыі ўсё часцей можна ўбачыць нарысы пра герояў гэтай вайны.
У Аляксея Лапо мішневіцкія карані. Быў ля Мішневіч такі хутар Багданы, дзе жыў са сваёй сям’ёй Васіль Лапо (бацька нашага героя) – вялікі аматар прыроды. Ён любіў вырошчваць рэдкія віды дрэў, на ягоным агародзе раслі дзіўныя для тых часоў памідоры, а ў двары жыў паўлін. Ад бацькі любоў да прыроды і ў Аляксея. Лагічна, што і вучыцца ён пайшоў на агранома.
Трывала пусціла карані вялікая сям’я Лапо. Вядома, заможным жыццё беларускіх сялян у пачатку дваццатага стагоддзя не назавеш. Тым не менш сям’я Лапо жыла дружна, працавалі, вучылі дзяцей, марылі, каб яны “выйшлі ў людзі”. Аляксей вучыўся ў сельскагаспадарчым вучылішчы ў г. Ноўгарадзе, пракладваў сваю дарогу ў самастойнае жыццё, поўніў сэрца юначымі марамі…
Калі Аляксея мабілізавалі, на ваенных франтах ужо змагаліся ягоныя браты Іван, Аляксандр і Платон, але вестак ад іх не было.
Вестка прыйшла  пасля таго, як мабілізавалі Аляксея. Кароткае трывожнае данясенне з фронту: цяжка паранены старэйшы Аляксандр.
Гэта здарылася ва Усходняй  Прусіі ў 1914 годзе. Ішлі цяжкія баі, у адным з іх варожая куля напаткала Аляксандра. Чапляючыся рэшткамі свядомасці за жыццё, за мірнае і такое далёкае мінулае, ён упаў. Па ўсім відаць, рускія адступілі, не маючы магчымасці забраць забітых і параненых. І калі скончыўся бой, немцы выйшлі на поле, каб рабаваць мёртвых. Аляксандр не чуў, калі падышлі да яго, апрытомнеў толькі, калі нехта пачаў выварочваць кішэні, застагнаў ад болі. У адказ – стрэл, удар штыком.
А ён выжыў. Гэта было дзіва, у якое не верылі і медыкі. Але сустрэцца з роднымі Аляксандру не давялося. Ён часта пісаў з Сухумі, куды яго накіравалі на лячэнне, дасылаў фотаздымкі. Яго лісты напоўнены жартамі, аптымізмам, бясконцай любоўю да сям’і, да жыцця. Паштоўка, датаваная красавіком 1916 года, стала апошняй яго весткай…
У сямейным альбоме Лапо беражліва захоўваюцца ўсе гэтыя сямейныя рэліквіі. Сёння іх ахоўвае нявестка Аляксея Васільевіча Лапо  Марыя Аляксандраўна. На самым ганаровым месцы ў альбоме – пажоўклы здымак пачатку дваццатага стагоддзя, на ім – герой Першай сусветнай вайны Аляксей Лапо з вышэйшай салдацкай узнагародай  – Георгіеўскім крыжам. Гэта быў усё той жа 1914 год. За той бой 11 салдат атрымалі высокую ўзнагароду, 11 з 250, якія выжылі і выканалі загад: “немцаў не пусціць, плацдарм утрымаць”. Сярод іх быў і Аляксей Лапо. Ён быў храбры воін, і ягоная храбрасць хутка была адзначана другім Георгіеўскім крыжам – “за ўзяцце языка”. І яму шанцавала. А аднойчы, у кароткія хвіліны перадышкі, лёс падарыў яму сустрэчу з братам Іванам, сярод ваеннай віхуры той знайшоў яго. Гэтую сустрэчу Аляксей пранясе праз усё жыццё, будзе зноў і зноў расказваць жонцы і дзецям, як яны з Іванам елі юшку з карпаў, якіх Аляксей налавіў у возеры, як наперабой успаміналі такія родныя мілыя дробязі з жыцця ў родным доме…
І зноў фронт, і зноў баі, кроў, смерць. Два гады, пераадольваючы боль, страх, голад, ён ішоў і ішоў уперад, марыў, каб хутчэй адгрымелі баі, і ва ўсім свеце зазвінела цішыня. У 1916 годзе Першая сусветная вайна для Аляксея Лапо закончылася, у цяжкім баі яго раніла ў галаву. Як і Аляксандр, ён страціў прытомнасць. Але ж ён шчаслівы, яму было накавана яшчэ доўга жыць, сустрэць любімую жанчыну, пабудаваць дом, нарадзіць двух сыноў. Але праз што прайшоў ён! Не кажам пра аперацыі, пра тое, як страціў вока, як урачы змагаліся за другое, як адаптаваўся да жыцця інвалід-франтавік. Складаней было іншае: стаўленне грамадства да “царскіх салдат”.
Але ён воін, воін на ратным полі, воін па жыцці. І Аляксей ідзе вучыцца на педагагічныя курсы. Ён стане добрым настаўнікам хіміі і біялогіі, знойдзе ўзаемаразуменне з вучнямі, заслужыць іх павагу. І павагу грамадства. Яго праца будзе адзначана граматай Вярхоўнага Савета БССР.
І каханне не абыдзе Аляксея, лёсавызначальнай стане сустрэча з Кацярынай Фёдараўнай, выпускніцай царскасельскай семінарыі. З ёй ён паедзе ў Лоўшу будаваць сямейнае гняздо. Там спачатку яны асядуць у невялікім доміку каля царквы, які дапамогуць купіць сваякі Кацярыны, а потым пабудуюць свой дом, народзяць дзяцей, пасадзяць сад…
Дом стаіць на высокім узгорку, з якога збягае сцежка прама да возера. Ля дома стары сад асыпае  гасцей яблыкамі і грушамі. А ў доме сёння жыве Марыя Аляксандраўна Лапо – нявестка Аляксея Васільевіча. Сямейная гісторыя для яе – святое, яна беражэ кожны фотаздымак, аркуш, кожную драбінку памяці, шмат цікавых эпізодаў пра сям’ю, пра вёску, пра Лаўжанскую школу, дзе яна таксама працавала настаўніцай, захоўвае яе памяць.  Яна гартае лісты альбома, падводзіць да партрэтаў, што вісяць у праёмах паміж вокнаў, ахвотна расказвае пра няпросты лёс сям’і Лапо.
Сярод сямейных рэліквій няма Георгіеўскіх крыжоў – іх у цяжкія часы герой-франтавік вымушаны быў прадаць, каб купіць прадукты і абновы для маладых сясцёр.
Аліна ПЯТРОВА.
На фота:
Двойчы кавалер Георгіеўскага крыжа Аляксей Лапо.
Аляксандр Лапо (сядзіць крайні справа)
ў шпіталі. Сухумі, 1916 год.
Настаўнікі Лаўжанскай школы 50-х гадоў 20-га стагоддзя: (стаяць злева направа) Аляксей Міхайлавіч Серак, Марыя Андрэеўна Буганава, Вольга Цярэнцьеўна Галуза, Георгій Андрэевіч (прозвішча М. А. Лапо не памятае – аўт.), Галіна Сільвестраўна Васілеўская, настаўніца беларускай мовы Іна (прозвішча М. А. Лапо не памятае – аўт.), Эдмунд Элаізавіч Юшкевіч, (сядзяць) матэматык-фізік  (прозвішча М. А. Лапо не памятае – аўт.), Сцяпан Сільвестравіч Кузьмічоў, Кацярына Мацвееўна Мацвеенка, Мікалай Фёдаравіч Мацвеенка (дырэктар школы), Марыя Пракопаўна Ільінец – заслужаны настаўнік  Беларусі, Аляксей Васільевіч Лапо.
Фота з сямейнага архіва Лапо.
P. S. Паважаныя чытачы! Магчыма, і ў вашых сямейных архівах захоўваюцца цікавыя гісторыі і здымкі, у тым ліку пра вашых родных – удзельнікаў Першай сусветнай вайны. Падзяліцеся імі (захаванасць матэрыялаў рэдакцыя гарантуе), пішыце нам на адрас 211260, г. п. Шуміліна, вул. Ленінская, 24; на электронны адрас  G_pracy@vitebsk.by, званіце 4-12-95. Будзем удзячны за кожную звестку.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *