Гаварылі пра чалавека і душавыя

Безопасность Президент Экономика

Гаварылі пра чалавека і  душавыя
Тэма, якую вынеслі для абмеркавання на пасяджэнне райвыканкама, толькі на першы погляд здаецца малаістотнай. На справе – параўнаць з ёй па значнасці наўрад ці што знойдзецца, бо гаворка вядзецца пра чалавека працы, пра тое, каб ствараць яму прыстойныя ўмовы для работы.
Тэхніка бяспекі. Гэта ўсё, што звязана з чалавекам – на рабоце, дома, пасля работы, наогул у жыцці. Таму гаворка на пасяджэнні ішла зацікаўленая і непрадузятая.
Дакладчык, галоўны спецыяліст аддзела інтэнсіфікацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама І. В. Навіцкі, за пятнаццаць хвілін выступлення паказаў, здавалася б, увесь спектр праблемы, адзначыўшы і станоўчыя прыклады і недахопы. Між тым старшыня райвыканкама У. П. Куранны, які вёў пасяджэнне, аналізам не быў задаволены. Уладзімір Пятровіч і супрацоўнік Дэпартамента працы галоўнага ўпраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Я. В. Жулеў, які прыняў удзел у разглядзе жыццёва важнага  пытання, заклапочаны неахайнымі, а нярэдка і злачынна-грэблівымі адносінамі кіраўнікоў некаторых арганізацый да ўмоў працы сваіх работнікаў. Асабліва трывожна ў дрэваапрацоўцы (а ў раёне не адно прадпрыемства такога профілю). Ніхто не паклапаціўся пра тое, каб чалавеку можна было памыць пасля работы рукі, не кажучы пра душ. А ці патрэбны каму такімі, якія зараз, душавыя кабінкі на фермах?  У адной гаспадарцы ў душавой кабінцы трымаюць хамуты, яшчэ нешта з конскай вупражы, у другім пакоі такі беспарадак,  што зайсці туды страшна, не тое што памыцца. А між тым важна было б паказаць ўзорную душавую, ды каб працавала яна і летам, і зімой. Няма гэтага. Вывад напрошваецца не самы суцяшальны. Або вось неабгароджаныя аб’екты ПМК-70 – будынак фізкультурна-аздараўленчага комплексу і 40-кватэрны  жылы дом у раёне СШ № 2. У першым вырытыя траншэі, і дзе гарантыя, што не трапіць туды пасля дажджоў хто-небудзь з дзяцей, бесперашкодна можна трапіць і на будаўніцтва дома.
Вузкае месца ў праяўленні клопатаў пра паляпшэнне дабрабыту чалавека працы  – атэстацыя рабочых месцаў. Калі няма атэстацыйных дакументаў, чалавек не атрымае ні надбавак, ні іншых даплат, адпаведна гэта акажа негатыўны ўплыў і на пенсію. Або вось па тэхніцы бяспекі падчас рамонту, асабліва ў гаспадарках раёна. То задні мост грузавога аўтамабіля падпёрты адной калодкай, то ўзняты кузаў трымаецца не на гідраўліцы, а на звычайным драўляным калу, або ў такарным цэху няма засцерагальных кожухаў пры рабоце на станках. Такіх “або” можна набраць шмат. Гэта элементарная абыякавасць да жыцця і здароўя працоўнага чалавека.
На прадпрыемствах павінны быць класы па ТБ. Ёсць такія, і даволі прыстойныя, ва УП ЖКГ, ПМК-70,  аднак безліч прыкладаў іншага парадку. Не прамінулі ў гаворцы праблему перабояў у падачы вады ў Шуміліне, адбылася гаворка пра выкананне Дэкрэта № 18, які датычыцца абавязаных асоб.
На пасяджэнні райвыканкама выступілі галоўны ўрач раёна К. Ф. Баканаў, в. а. пракурора раёна С. У. Зайцаў, інфармацыі па тэме гаворкі далі начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях А. І. Сасновіч і начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі, справаздачы па ўмовах працы і быту работнікаў трымалі кіраўнікі УП ЖКГ, КУП БАН, КУСГП “Мішневічы”, іншыя адказныя асобы.
Вырашана пытанне выканання Праграмы паляпшэння ўмоў і аховы працы Шумілінскага раёна на 2011-2015 гг. разгледзець у верасні, у далейшым рабіць уніклівы аналіз сітуацыі, хутчэй за ўсё, штотыднёва, у час планёркі ў старшыні райвыканкама.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №65 ад 26.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *