Испытание снегом Шумилино выдержало достойно

Актуалии Общество Экономика

Выпрабаванне снегам
Зіма аддае даўгі. Так яна радуе нас, так яна нас выпрабоўвае. Не ўсе вытрымліваюць. Колькі суседзяў перасварылася з-за месцаў для паркоўкі, колькі скаргаў паступіла на тэлефон дыспетчарскай ЖКГ, колькі спатканняў не здарылася, колькі паездак адклалася. Да ўсяго, яшчэ і шуфляў для чысткі снегу ў крамах не аказалася. Як сказаў адзін знаёмы прадпрымальнік: “Я завёз тры шуфлі, дык ледзьве прадаў за год”. Карацей, зімы не чакалі, яшчэ больш не чакалі гэтых, з прыгожымі жаночымі імёнамі, цыклонаў.
Але як бы там ні было, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях А. П. Быкаў запэўніў, што ў цэлым да зімы раён быў гатовы, як і да моцных снегападаў:
– Вядома, што некалькі нечаканымі для нас аказаліся такія моцныя цыклоны: адна “Даніэла” за суткі высыпала на Шуміліншчыну паўтарамесячную норму ападкаў. Але гэта не значыць, што мы былі не гатовы. У нас ёсць і сілы, і сродкі сустрэць любыя сюрпрызы надвор’я ў поўнай баявой гатоўнасці. І мы, я лічу,  справіліся з прапанаванымі зімой умовамі годна.
Былі праведзены два пасяджэнні раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях, на якіх перад усімі службамі былі пастаўлены выразныя задачы, вызначаны арганізацыі, якія павінны дапамагаць у выпадку неардынарных сітуацый, і ўсе спрацавалі дакладна і зладжана.
– Якія службы ўзялі на сябе асноўны ўдар, і ці дастаткова ў раёне тэхнікі, якая можа справіцца з цыклонамі такой сілы?
– На расчыстцы снегу ў раёне працавала 32 адзінкі тэхнікі практычна ў кругласутачным рэжыме. Гэта толькі калі казаць пра ДЭУ-36, ДРБУ-204 (за імі аўтадарогі рэспубліканскага і мясцовага значэння) і УП ЖКГ (за імі вуліцы ў гарадскіх пасёлках і вёсках), якія і былі на перадавой. Таксама на дапамогу выйшла тэхніка ўсіх сельскагаспадарчых і іншых прадпрыемстваў, якая працавала, заўважу, на паліве ўладальнікаў дарог. Сітуацыя з палівам, дарэчы, была пад кантролем, заўжды быў неабходны запас. Аўральных момантаў у сувязі з гэтым не было. І калі нейкі аддалены населены пункт у час не быў расчышчаны, то ён расчышчаўся на заўтрашні дзень. Было забяспечана бесперабойнае курсіраванне грамадскага транспарту, аўтамагазінаў, хуткіх і гэтак далей.
– Скажыце, у сувязі з такімі зімовымі ўмовамі ёсць нейкія патрабаванні ці пажаданні да людзей наогул, у прыватнасці – да аўтамабілістаў?
– Вядома, ёсць. Асноўная праблема, з якой мы сутыкнуліся ў час ліквідацыі наступстваў цыклонаў, – гэта расчыстка прыдамавых тэрыторый, праездаў да шматкватэрнага жылля, і ў гарадскіх пасёлках, і на сяле. Ля дамоў прыпаркавана шмат так званых невыязных, заснежаных машын, што перашкаджае своечасовай ачыстцы двароў. Калі б уладальнікі чысцілі парковачнае месца і метры паўтара вакол машыны, то ніякіх праблем наогул не ўзнікала б. Тады будуць і стаянкі чыстыя, і ў камунальнікаў пры ачыстцы двароў перашкод не будзе.
– Ці будзе наладжаны вываз снегу?
– Ёсць у нас пляцоўка за лазняй у аграгарадку Светласельскі. Я бачу, што зараз мы ў асноўным справіліся з расчысткай, і цяпер пачнём работу па вывазцы снегу. У першую чаргу будзем вывозіць з перакрыжаванняў, са з’ездаў.
– Значыць, калі я вас правільна зразумела, ніякіх надзвычайных сітуацый у раёне ў сувязі з “Даніэлай” і “Эмай” не здарылася?
– Так. У тым ліку і на дарогах. І самі вадзіцелі ўлічылі стан дарогі. І ДАІ, і МНС працавалі ва ўзмоцненым рэжыме. Акрамя ўдзячнасці, я нічога не магу сказаць. Вядома, што і скаргі паступалі. Але ж зразумела, што колькі б тэхнікі ў  нас не было, у адзін момант пазбавіцца ад снегу немагчыма.
* * *
Дарэчы, так падумалі многія жыхары раёна і выйшлі вызваляць са снежнага палону свае двары і не толькі свае. Напрыклад, Пётр Ягоравіч і Надзея Барысаўна Бабаевы з Сураўнёў па ўласнай ініцыятыве расчысцілі помнік загінуўшым землякам. А Уладзімір Лінкевіч з Мікалаева на сваім трактары дапамагаў ва ўборцы снегу ў роднай вёсцы, Кардоне і Андрэеве. Д. С. Струкаў, сеўшы ў свой трактар, ачышчаў ад снегу Обаль. Расчысціць дарогі ў вёсцы Сосніна Дабейскага сельсавета на ўласным трактары дапамагаў С. В. Трашкоў, а ў Дабеі ля шматпавярховак лапатай арудаваў А. С. Іваноў. У Дворышчы і Навіках Каўлякоўскага сельсавета на ўласным трактары са снегам змагаўся М. Д. Лазука. Вёску Зямцы Сіроцінскага сельсавета на сваім трактары расчышчаў І. Я. Апоркін. Гэтыя і многія іншыя жыхары раёна, вучні, работнікі арганізацый і прадпрыемстваў адным фронтам выйшлі на ўборку снегу. Ён, снег, як і належыць, павінен прыносіць толькі радасць. І не ствараць ніякіх перашкод. Сёння – так і ёсць. І раённыя ўлады ўдзячныя ўсім, хто не застаўся безуважным да агульнай справы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №6 ад 22.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *