Трэнер Салапаеў дае дарогу ў вялікі біятлон

Общество Спорт, туризм

Трэнер Салапаеў дае дарогу  ў вялікі біятлон
Сёння ў трэнера па біятлоне Генадзя Мікалаевіча Салапаева юбілей. З гэтай нагоды хочацца сказаць некалькі шчырых слоў у адрас юбіляра.
Генадзь Салапаеў сапраўдны энтузіяст сваёй справы, бязмежна ўлюблёны ў біятлон. Здаецца, пра гэты від спорту ведае ўсё, хаця сам так не лічыць. Генадзь Мікалаевіч пастаянна ў пошуку новых, аптымальных метадаў работы з юнымі спартсменамі. А біятлон са штодзённай працы даўно перарос у сапраўднае  захапленне. Як толькі з’яўляецца снег, трэнер са сваімі выхаванцамі накіроўваецца ў сасоннік, на біятлонную трасу. Калі няма снегу, Генадзя Мікалаевіча можна пабачыць у ціры  ці  на вуліцы каля школы, дзе яго выхаванцы трэніруюцца на лыжаролерах.
Г. М. Салапаеў у біятлоне даўно. З шумілінскімі спартсменамі займаецца з 2002 года. За гэты невялікі час падрыхтаваў на Шуміліншчыне  двух майстроў спорту па біятлоне, у тым ліку  майстара міжнароднага класу, шэсць кандыдатаў у майстры спорту. Дзве біятланісткі – Ала Талкач і Ганна Сола – у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі па біятлоне.
З нагоды юбілею трэнера мы звязаліся з некаторымі выхаванцамі Генадзя Мікалаевіча.
Ала Талкач:
– Без Генадзя Мікалаевіча не было б мяне як спартсменкі. Памятаю 9 мая  2002 года. Пасля легкаатлетычнага кросу да мяне падышоў Генадзь Мікалаевіч і прапанаваў займацца біятлонам. Прычым так пераканаўча  расказаў, што я адразу захацела паспрабаваць. Гэта сустрэча  стала паваротнай у маім жыцці.
Чаго пажадаць? Галоўнае, каб было здароўе, а ўсё астатняе ў вас ёсць.
Ганна Сола:
– Мне адразу ўспомніўся адзін старт. Я тады не разлічвала на перамогу. Але ўсё склалася цудоўна: і беглася, і стралялася. І я перамагла. Генадзь Мікалаевіч падышоў да мяне і проста па-бацькоўску абняў.
Жыццё трэнера працягваецца ў ягоных вучнях. Хочацца, каб у майго першага трэнера заўсёды былі таленавітыя выхаванцы, якія стануць зоркамі сусветнага біятлону.
Уладзіслаў Васільеў:
– Шмат усяго было. Дзякуй трэнеру, што ён верыў у мяне ды цярпеў. Быў у мяне спрынт, на якім я з дзесяці мішэняў трапіў толькі ў адну.  Пасля фінішу проста хацелася праваліцца скрозь зямлю. Але Генадзь Мікалаевіч пагаварыў, супакоіў.  Зараз разумею, які добры ён псіхолаг.
Мне хочацца найперш цярпення пажадаць. Спартыўнымі зоркамі не нараджаюцца, а імі становяцца праз штодзённыя ўпартыя трэніроўкі пад кіраўніцтвам такіх таленавітых трэнераў, як Генадзь Мікалаевіч.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №66 ад 29.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *