Голландцы в Мишневичах планируют построить прачечную

Здоровье Общество

Галандцы ў Мішневічах плануюць пабудаваць пральню
У аддзяленні кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Мішневічах знаходзіцца 26 чалавек. Гэта інваліды, адзінокія людзі. Тут яны знайшлі падтрымку, пра іх клапоціцца дзяржава.
Нядаўна для аддзялення закупілі новыя ложкі, стулы, інвалідныя каляскі. Часткова зроблены рамонт. У прыватнасці, у двух палатах столь абабілі сайдынгам, а на падлогу паклалі лінолеум. Навялі парадак і ў пакоі адпачынку: паклеілі шпалеры, павесілі новыя шторы, устанавілі прыгожыя свяцільнікі, расказала загадчыца аддзялення С. М. Якаўлева.
Па ініцыятыве благачыннага айца Фёдара ў адным з куткоў устанавілі іконы. І састарэлыя часта прыходзяць са сваімі пажаданнямі і просьбамі да святых.
Нядаўна ў аддзяленні пачалі працаваць аб’яднанні на інтарэсах. Гурток  дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Умелыя рукі” ўзначальвае  сацыяльны работнік Наталля Іванова. Састарэлыя вяжуць і плятуць з нітак і абрэзкаў тканіны прыгожыя рэчы. Два разы на месяц  прыязджае  спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра Л. Р. Графская, кіраўнік гуртка “Самадзелкін”, якая вучыць  плесці з лазы кошыкі.
“Яшчэ нашы падапечныя могуць прыкласці свае рукі на ўборцы тэрыторыі, на прысядзібным участку. Але гэта толькі па жаданні, – кажа Святлана Мікалаеўна. – Мы вырасцілі дастаткова сваёй агародніны, якая ідзе ў сталоўку”.
Яшчэ сёлета ў аддзяленні  плануюць пабудаваць уласную пральню. “Сваімі сіламі зробім толькі фундамент, – расказала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва В. Р. Штуро. – А ў будаўніцтве нам дапамогуць нашы сябры з галандскай арганізацыі “Дапамажы людзям”, якія прыедуць у верасні.   У аддзяленне ўжо прывезлі пральныя і сушыльныя машыны, батарэі, розныя будаўнічыя матэрыялы на суму 13 тысяч еўра”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 68 ад 05.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *