На “прямой линии” руководитель района

Актуалии Общество Президент

«Людзі не ставілі надуманы я  пытанні»
Дваццаць два пытанні. Тры з паловай гадзіны бесперапыннай напружанай тэлефоннай размовы з жыхарамі раёна. Гэта “прамая лінія”, якую правёў 8 снежня старшыня раённага выканаўчага камітэта Вальдэмар Антонавіч Падляшчук.
Людзі не ставілі надуманыя пытанні, адзначыў пасля правядзення “прамой лініі” В. А. Падляшчук, не патрабавалі нечага завоблачнага, у большасці выпадкаў яны звярталіся за дапамогай там, дзе самі не маглі вырашыць праблему, там, дзе адпаведныя службы іх не пачулі.
“Прамая лінія”, як лакмусавая паперка, выявіла найбольш праблемную сферу нашага жыцця – жыллёва-камунальную. Гэта не стала нейкім адкрыццём, улічваючы і пару года, і стан нашых камунікацый, і няўменне службы ЖКГ працаваць на апераджэнне праблем.
Менавіта няўменне камунальнікаў папярэджваць праблемныя пытанні, працаваць аператыўна, быць уважлівымі і спагадлівымі кіраўнік раёна назваў прычынай многіх непрыемных сітуацый, у якіх апынуліся людзі.
Начальніку УП ЖКГ В. А. Коўзану па многіх пунктах, сапраўды, не было чаго адказаць. Бо большасць пытанняў, з якімі людзі вымушаны былі выйсці на кіраўніка раёна, маглі рашыцца камунальнікамі ў рабочым рэжыме без якіх там дадатковых выдаткаў. І тады б не званілі з Обалі, што ў мікрараёне торфа-прадпрыемства Даўмана на трох суседніх вуліцах замерзлі калонкі, і недзе пенсіянерам узяць вады; не звярталіся б з такім жа пытаннем пенсіянеры з вуліцы Кірава, што ў райцэнтры; не скардзіліся б з Язвіна на перабоі з вадой; не трэба было б жыхарам дома № 5 з вуліцы Дубасарскага і дома № 53 з вуліцы Юбілейнай (райцэнтр) праз высокую інстанцыю дабівацца, каб камунальнікі адкачалі ваду з падвалаў.
Маглі б вырашыцца і іншыя пытанні, напрыклад, без вайны і хаджэння замерзлых жыльцоў па інстанцыях зрабіць ім пераразлік платы за ацяпленне, калі тэмпература ў кватэрах сапраўды не дацягвае да нарматыўнай, а змяніць сітуацыю няма тэхнічных магчымасцей. Па гэтаму пытанню кіраўнік раёна атрымаў два звароты — з Обалі (дом № 23 па вуліцы Даўмана) і райцэнтра (Шумілінская, 2).
Зразумела, што не ўсё можна выканаць умомант, што не хапае на ўсё грошай, што “спадчына” дасталася незайздросная, што часам і партнёры падводзяць. Як, напрыклад, выйшла з домам № 3 па вуліцы Школьнай у Кардоне, калі УП ЖКГ нанялі падрадчыкаў перакрыць дах. Дык вось калі да гэтага рамонту ў кватэрах са столі капала, то пасля рамонту пацяклі ручаі.
Інвалід першай групы з вёскі Андрэеўка М. І. Бадзяла выйшаў на кіраўніка раёна з просьбай дамагчы з дрывамі: “Хата вялікая, аднаго прычэпа мала”.
Як высветлілася пазней у размове са старшынёй Мішневіцкага сельвыканкама Л. А. Гаўрыленкам, М. І. Бадзяла атрымаў у гэтым годзе льготныя 5 кубаметраў дроў і можа прэтэндаваць на льготныя дровы толькі ў наступным годзе. Такія ўстаноўлены дзяржаўныя нормы, але інвалід з імі не згодзен. Л. А. Гаўрыленка паведаміў, што лясгас гатовы прывезці дровы і сёння, але па поўнай цане, з чым заявіцель таксама не згодзен. Тым не менш, дзяржавай распрацаваны адзіныя нарматывы і падыходы.
З Полькавіч (ля магазіна і дзіцячага садзіка) і Прыазёрнай  (вуліца Набярэжная) паскардзіліся на тое, што не гараць ліхтары.
Жыхары Полькавіч да таго ж не задаволены работай перасоўнай паштовай машыны і папрасілі вярнуць ранейшае стацыянарнае паштовае абслугоўванне.
Што датычыць пошты, Вальдэмар Антонавіч пагадзіўся з думкай людзей і паабяцаў паспрыяць аднаўленню работы паштовага аддзялення ў Полькавічах.
Па асвятленню, як паведаміў учора начальнік раёна электрасетак Д. В. Муркоў, пытанні вырашаны.
Прынамсі, з адсутнасці ліхтара пачаў размову са старшынёй райвыканкама адзін з жыхароў вёскі Сураўні. Ён быў настроены ваяўніча і крытычна па многіх аспектах жыцця. З паўгадзіны гутарыў В. А. Падляшчук з механізатарам, які, па ўсяму бачна, неабыякавы да лёсу краіны. Старшыня райвыканкама, дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу па пунктах даводзіў, што даярка, напрыклад, з Мішневіч, дзе дояць дзве тоны на карову, не можа прэтэндаваць на такую зарплату, якую атрым-лівае даярка з агракамбіната “Сноў”, якая доіць дзевяць тон на карову. Так, у нашым жыцці яшчэ нямала хібаў, адзначыў кіраўнік раёна, напрыклад, па той жа якасці будаўніцтва, па іншых накірунках. Тым не менш, за апошнія пяць год вельмі многа зроблена ў краіне і ў нашым раёне, узяць хоць той факт, як змяніліся тыя ж Мішневічы, колькі там зроблена для людзей, што ў рэканструкцыю ўкладзена 7 мільярдаў рублёў. Гэта факты, якія не адмовіш.
А вось Т. П. Муліц з райцэнтра пазваніла кіраўніку раёна, каб сказаць дзякуй за тое, што ў раёне многа робіцца на карысць людзей, што прыгажэе наш горад Шуміліна, вёскі раёна. Адзначыла Таццяна Пятроўна і старанне камунальных службаў у вырашэнні надзённых пытанняў людзей. Так, бываюць нюансы, зазначыла жанчына, але гэта жыццё, часам трэба і пацярпець, бо ў цэлым у нашай краіне ўсё робіцца для людзей.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №96 ад 10.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *